



Завяршылася чарговая археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Максіма Чарняўскага. Разам з удзельнікамі археалагічнага лагера Слабадской сярэдняй школы імя М. М. Пшонкі навуковец даследаваў стаянку перыяду неаліту – сярэдняга бронзавага веку Бярэшча-1 у лясным масіве каля вёскі Верабкі, ва ўрочышчы “Дубавец”. Гэты помнік археалогіі быў выяўлены дваццаць гадоў таму мясцовым краязнаўцам Васілём Хацкевічам на правым беразе ракі Бярэшча. Археалагічныя даследаванні мікрарэгіёна Бярэшча вядуцца з 2006 года, таму сёлетняя экспедыцыя юбілейная – дваццатая. На працягу ўсяго гэтага часу вывучаць далёкае мінулае нашага краю прафесійным навукоўцам дапамагаюць школьнікі.
Сёлета падчас раскопак было выяўлена мноства фрагментаў глінянага посуду, якія адносяцца да усвяцкай археалагічнай культуры сярэдняга неаліту.
Гэтая культура датуецца ў дыяпазоне: сярэдзіна/другая палова IV тыс. да н.э. – першая палова III тыс. да н.э. Атрымліваецца, што ўсім знойдзеным у гэтым сезоне артэфактам па меншай меры 5 тыс. гадоў.
Акрамя самой керамікі былі знойдзены крамянёвыя і касцяныя вырабы, упрыгажэнні з бурштыну і каменная зброя.
Адна з адметных знаходак – бурштынавая падвеска. Бурштынавыя вырабы на поўнач Беларусі траплялі выключна ў гатовым выглядзе з тэрыторыі сучаснай Балтыі. На ўзбярэжжы Балтыйскага мора яго збіралі і апрацоўвалі прадстаўнікі культур, роднасных насельніцтву паўночных беларускіх тэрыторый.
– Бурштын быў адной з галоўных абменных “валют” таго часу, ён ішоў на поўдзень фактычна тым жа шляхам, які праз тысячы гадоў назавуць “Шлях з варагаў у грэкі”, – распавядае Максім Чарняўскі.
Паводле яго слоў, старажытныя людзі абменьваліся таксама высакаякасным крэменем, соллю, ваўнянымі тканінамі, а пазней – і першымі вырабамі з медзі і бронзы.
– Бурштын – унікальны матэрыял. Гэта скамянелая смала хвойных дрэў, узростам каля 40–50 млн. гадоў. Для першабытнага чалавека гэта быў дзіўны матэрыял, – адзначыў археолаг. Камень, але гарыць, вылучаючы прыемна пахкі дымок, плавае ў салёнай вадзе. Празрысты на святло. Мае колер ад чырвонага да светла-жоўтага і нават амаль белага. Ён успрымаўся як сімвал сонца.
У гэтым годзе былі знойдзены два артэфакты з бурштыну – невялікі фрагмент вырабу і цэлая падоўжаная трапецападобная падвеска. Упрыгажэнне, верагодна, было зроблена з часткі іншага больш масіўнага вырабу. Знаходкі вырабаў з бурштыну надзвычай цікавыя і важныя па той прычыне, што яны патрабуюць спецыфічных умоў для захоўвання. Вырабы з бурштыну, якія адносяцца да неаліту або эпохі ранняй бронзы, вядомыя ў Беларусі толькі па некалькіх месцах. Ужо пяты год запар Максім Чарняўскі фіксуе знаходкі бурштынавых вырабаў і на тэрыторыі Лепельскага раёна на помніку Бярэшча-1. Гэтыя “застылыя кроплі сонца” захоўваюць памяць тысячагоддзяў і сведчаць пра пэўны ўзровень культуры і наяўнасць рэлігійных вераванняў у нашых далёкіх продкаў.
– Падчас раскопак удалося выявіць таксама дзве каменныя булавы. Адна палавінка ад круглай булавы, і адна авальная булава ці молат. У абедзвюх адтуліны не свідраваліся, а рабіліся з дапамогай тэхнікі пікетажу – акуратных удараў большых цвёрдым каменем, якія выкрышвалі паступова камень, фармуючы акруглую глыбокую ямку. Адтуліна рабілася з двух бакоў насустрач, у выніку, калі ямкі злучаліся, у сячэнні яны мелі выгляд пясочнага гадзінніка. У абодвух выяўленых булаваў адтуліны не завершаныя. Меншая, выглядае, і паламалася акурат пад час афармлення адтуліны. Булавам дакладна больш за 5 тысяч гадоў. На тэрыторыі Беларусі аналогіі бярэшчанскім вырабам адзінкавыя. Гэта рэдкі прыклад зброі, – падкрэсліў Максім Чарняўскі.
На працягу дзевяці дзён удзельнікі археалагічнага лагера здолелі атрымаць унікальны досвед удзелу ў археалагічных даследаваннях. Адметна тое, што многія са школьнікаў удзельнічаюць у раскопках ужо на працягу некалькі палявых сезонаў.
Юбілейная экспедыцыя на Бярэшчы-1 яшчэ раз пацвердзіла значнасць гэтага археалагічнага помніка для вывучэння неаліту і бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі. Шматгадовая праца, у якой актыўна ўдзельнічаюць і школьнікі, не толькі ўзбагачае навуку новымі дадзенымі, але і выхоўвае маладое пакаленне ў духу павагі да гісторыі і культурнай спадчыны. Супрацоўніцтва навукоўцаў і школьнікаў працягвае прыносіць плён, адкрываючы новыя старонкі лепельскай даўніны.
Валерый Тухта
