У чарговы раз суботні летні вечар сабраў прыхільнікаў “жывой” музыкі ў Бароўцы на раённым конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні “Белыя росы”, які стаў ужо традыцыйным і праводзіцца амаль 30 гадоў на Лепельшчыне.
На гэты раз мерапрыемства было прысвечана Году гістарычнай памяці.
Ужо стала сапраўднай звычкай напярэдадні дня моладзі спяшацца на бераг маляўнічага возера Шчыбат, каб пазнаёміцца з новымі маладымі талентамі, сустрэцца з сябрамі і знаёмымі, ды і проста правесці прыемна час на ўлонні прыроды. Некаторыя аматары карыснага для душы адпачынку нават з іншых гарадоў прыязджаюць, каб адчуць гэтую атмасферу і энергетыку свята.
Удзельнікі конкурсу — моладзь розных прафесій, таму і праводзіцца фестываль напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва.
Пакуль артысты рыхтуюцца да выступленняў і хвалююцца за кулісамі, я накіроўваюся да выставы «З бабулінага куфра», якая, трэба сказаць, атрымалася вельмі цёплай, прыгожай і выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў рознага ўзросту. На ёй прадстаўлены шматлікія прадметы рарытэтнага характару: ручнікі, элементы народнага беларускага касцюма, сурвэткі, дыванкі і многае іншае, зробленае рукамі бабуль. Асабліва значна і прыемна тое, што гэтыя дарагія сэрцу рэчы захавалі дзеці і ўнукі.
Кожны сельскі Дом культуры падрыхтаваўся да выставы вельмі сур’ёзна.
Менавіта мяне ўразілі рэчы з бабулінага куфра … сельскага Дома культуры. Урэшце, яны і атрымалі ганаровае першае месца. Акрамя гэтага, здзівілі прадстаўнікі з …, …, … і іншых населеных пунктаў.
Масава было і ля гандлёвых палатак, кожны хацеў паспытаць салодкай ваты і попкорна, набыць штосьці памятнае ў дом.
Ну вось і надышоў час конкурсу, у якім удзельнічаюць выканаўцы раёна ва ўзросце да 31 года. Для знаёмства на сцэну запрасілі ўсіх канкурсантаў. Філіял “Бароўскі цэнтр культуры і вольнага часу” прадставіў Яўген Беразоўскі, Домжарыцкі СДК — Карына Сінюшкіна, Баброўскі сельскі Дом культуры — Кацярына Рымарава. Ксенія Хацкевіч прыехала з аграгарадка Камень, Дзіяна Дальчаніна — з Юркоўшчыны. Чарэйшчынскі СДК прадставіла Дар’я Чумак, Ірына Сергун — аграгарадок Поўсвіж, а Максім Васілёнак — Стайскі СДК.
Кожны год конкурс мае розную тэматыку нумароў. На гэты раз удзельнікам трэба было падрыхтаваць 2 песні на тэмы “Рэха памяці» і «Адпачываем, запальваем!».
Вельмі кранальнымі былі кампазіцыі ў першым аддзяленні. Яно і зразумела: мы не можам не памятаць пра пачатак самай жахлівай за ўсю гісторыю чалавецтва вайну. Хто ішоў на фронт юнакамі, сёння людзі сталага ўзросту, а многіх і ўвогуле ўжо няма ў жывых. Аднак дзякуючы ім мы жывём пад мірным небам!
Пакуль маладыя артысты рыхтаваліся да другога аддзялення, быў праведзены конкурс “Точь в точь”, дзе свой талент праявілі лепельскія артысты. Удзельнікі на сцэне пераўвасаблялісь у вядомых артыстаў і герояў кінафільмаў. І рабілі яны гэта вельмі дакладна.
У другім аддзяленні канкурсанты выканалі на сцэне хіты 90-х. “Вецер з мора дзмуў”, “Кабрыялет”, “Летні дождж” і іншыя — розныя па змесце песні, аднак кожны выканаўца здолеў данесці шчырыя эмоцыі да слухачоў, прапусціць праз сэрца радкі песень.
Пакуль журы вызначала пераможцаў, на сцэне спявалі ўжо вядомыя ўсім выканаўцы, якія не далі нікому сумаваць.
Віталь Конеў, Ірына Бусава, Ганна Шаркоўская, Таццяна Невядомская, Ігар Вішнеўскі ведаюць, чым здзівіць нават самага капрызнага слухача.
Суддзям аказалася няпроста вызначыць пераможцаў, бо кожны нумар быў прадуманы, цікавы, арыгінальны, кожны выканаўца перадаў праз радкі песень вялікую любоў да Радзімы, павагу да подзвігу продкаў.
Ну вось і надышоў доўгачаканы момант. Дыплом першай ступені атрымала …. На другім месцы апынулася … і … — на трэцім. Прыз глядацкiх сiмпатый атрымала … Акрамя гэтага, яны атрымалі каштоўныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Астатнім маладым вакалістам уручаны дыпломы за ўдзел у конкурсе і шыкоўныя букеты кветак.
На завяршэнне хочацца адзначыць, што ўсе канкурсанты выступалі як сапраўдныя артысты з вялікай сцэны, таму ў поўнай меры адчулі глядацкую падтрымку і любоў, а члены журы, якія шмат гадоў прымаюць удзел у конкурсе, — адкрылі для сябе новыя таленты ва ўжо знаёмых ім выканаўцаў.
— Мерапрыемствы такога плану ў Год гістарычнай памяці вельмі актуальныя. Мы ўбачылі, якія шчырыя эмоцыі выканаўцы падарылі гледачам. Выконваючы песні ваенных гадоў, сённяшняе пакаленне аддае даніну памяці тым людзям, якія загінулі дзеля таго, каб у нас было мірнае неба. Забываць гэтага нельга, каб захаваць мір на нашай зямлі на многія дзесяцігоддзі, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка.
Таксама хочацца выказаць ад ўсіх прысутных на мерапрыемстве шчырыя словы падзякі работнікам Лепельскага РДК, якія стварылі сапраўднае свята для жыхароў і гасцей нашага раёна.