Чем во время церемонии бракосочетания один из женихов удивил главного специалиста отдела загса Лепельского райисполкома Регину Васюкович?
“Мы рады вітаць у гэтай зале вас, паважаныя жаніх і нявеста, і ўсіх прысутных гасцей! — вось так, шчыра і пранікнёна, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў сустракала маладажонаў галоўны спецыяліст аддзела загса райвыканкама Рэгіна Васюковіч. Гэту мілую жанчыну ведае не адно пакаленне жыхароў Лепельшчыны. Работніку загса трэба быць не толькі вопытным спецыялістам, а і добрым псіхолагам, шчырым суразмоўцам. Менавіта такой ведаюць Рэгіну Леанідаўну жыхары раёна.
— Прызнаюся шчыра: я заўсёды прыходзіла на работу з вялікім задавальненнем. Мне вельмі падабалася працаваць з людзьмі. Памятаю, з якім прыемным хваляваннем сустракала маладажонаў на парозе загса. Перад тым, як праводзіць рэгістрацыю, абавязкова ў думках выказвала ім шчырыя пажаданні прайсці разам доўгі і шчаслівы шлях, даць жыццё любімым дзецям, каб у маладой сям’і было як мага больш радасных падзей… І як жа было прыемна бачыць, як колішнія жаніх і нявеста станавілася бацькамі, многія прыходзілі да нас, каб зарэгістраваць нараджэнне першага, другога і трэцяга дзіцяці. Вядома, мы заўсёды шчыра радаваліся за бацькоў, паколькі ў нас на вачах адбывалася стварэнне іх сям’і. З вялікім задавальненнем я пісала сцэнарыі да рэгістрацыі сямейных юбілеяў, сярэбраных, залатых і дыяментавых вяселляў. Шчаслівыя муж і жонка, якія ідуць па жыцці разам не адзін дзясятак год, не хавалі слёз радасці. Назіраючы за гэтым, немагчыма было стрымаць свае эмоцыі, — шчыра прызнаецца Рэгіна Леанідаўна.
Любімая прафесія — на ўсё жыццё
Жанчына дзеліцца са мной прыемнымі ўспамінамі. Уважліва слухаю сваю суразмоўцу — і на некаторы час вяртаюся ў 80—я гады. Так, Рэгіна Леанідаўна пачала свой працоўны шлях у аддзеле загса райвыканкама 1 ліпеня 1986 года.
Рэгіна нарадзілася ў сям’і настаўнікаў. Акрамя яе, у сям’і падрасталі яшчэ чацвёра дачок, і ў кожнай з іх бацькі выхавалі такія якасці, як інтэлігентнасць, павага да людзей. Кожная з дзяўчынак набыла добрую адукацыю. Рэгіна ж пасля заканчэння 10 класаў Весялоўскай сярэдняй школы паступіла ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча (зараз — Гродзенскі каледж культуры і мастацтваў), затым набыла веды ў Мінскім інстытуце культуры і прыехала працаваць на родную Лепельшчыну. Першым месцам работы маладога спецыяліста стаў аддзел культуры райвыканкама, дзе жанчына была інспектарам.
— Раптам я даведалася, што загадчыца аддзела загса райвыканкама Энгельціна Раманенка пераходзіць на працу ў прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Ёй тэрмінова патрабавалася замен. Работа ў галіне культуры для мяне была вельмі блізкай, я магла напісаць цікавы сцэнарый, умела працаваць з людзьмі, — успамінае жанчына. — Прыходжу да старшыні райвыканкама і ўпэўнена кажу, што жадаю працаваць у аддзеле загса. Ён сказаў, што разгледзіць маю кандыдатуру і ў бліжэйшы час паведаміць сваё рашэнне. Праз дзень прыходжу на работу — і старшыня райвыканкама мне загадвае збірацца на новае месца працы.
Аляксандра Цобанава, якую добра ведаюць жыхары раёна, у той час працавала загадчыкам аддзела загса гарвыканкама, а Рэгіна Леанідаўна — загадчыкам аддзела загса райвыканкама. Пазней, калі два аддзелы былі аб’яднаны ў адзін, Рэгіна Васюковіч працавала спецыялістам, затым — галоўным спецылістам, а Аляксандра Цобанава — начальнікам аддзела загса.
— Адзначу, што работа мне вельмі падабалася, — працягвае суразмоўца. — Нягледзячы на тое, што трэба было шмат працаваць з дакументамі, дакладна ведаць заканадаўства, мой занятак прыносіў мне сапраўднае задавальненне. У той час людзі аднаўлялі даныя пра свой узрост. Паколькі ў гады вайны многія дакументы былі знішчаны і ўзрост чалавека вызначаўся па яго знешнім выглядзе, у нас захаваліся адпаведныя дакументы, дзякуючы якім з’яўлялася магчымасць паведаміць наведвальніку яго дакладную колькасць год. Да таго ж у тыя часы заўсёды адзначалася шмат вяселляў. Як правіла, разам з жаніхом і нявестай у аддзел загса заўсёды прыходзіла шмат гасцей, якія падтрымлівалі маладых радаснымі воклічамі, нярэдка ішлі ў загс пад бадзёрыя гукі гармоніка.
Вельмі прыемна было і тое, што з боку кіраўніцтва — абласнога аддзела загса — заўсёды быў вялікі давер спецыялістам, якія працуюць у раёнах.
Асаблівую ўвагу я ўдзяляла рабоце з людзьмі, — працягвае Рэгіна Леанідаўна. — Калі да мяне звярталіся наведвальнікі па тых ці іншых пытаннях, я ўважліва выслухоўвала іх, імкнулася ўсё дэталёва растлумачыць, каб чалавек дакладна ва ўсім разабраўся. Вядома, што людзі не заўсёды звярталіся да нас з радасцю. Нярэдка прыходзілася рэгістраваць факт смерці. У такіх выпадках неабходна было знайсці словы, каб суцешыць душэўны боль…
Вядома, у рабоце здараецца рознае. У няпростыых сітуацыях трэба было пайсці насустрач чалавеку.
Аднойчы да Рэгіны Леанідаўны звярнуліся наведвальнікі. Па прычыне дапушчанай памылкі адным з работнікаў сельвыканкама ім прыйшлося выпісваць новую даведку. Як мудры псіхолаг, спецыяліст імкнулася супакоіць людзей.
— У рабоце можа здарыцца рознае. Давайце даруем спецыялісту гэту памылку, ад гэтага ніхто не застрахаваны.
Муж і жонка не супакойваліся. Нарэшце, Рэгіна Ленаідаўна прапанавала аплаціць гэту даведку за ўласны кошт.
— Навошта? — адказаў мужчына. — Мы самі заплацім за яе!
Ён выйшаў з кабінета, а яго жонка з умешкай сказала Рэгіне Леанідаўне:
— Ведаеце, вы працуеце на сваім месцы!
Гэтыя шчырыя словы, вядома, сталі для жанчыны выдатнай узнагародай.
Нярэдка ў практыцы спецыяліста аддзела загса здараліся і камічныя сітуацыі.
— Як заўсёды, з прыемным хваляваннем я чакала, калі ў аддзел загса ўвойдзе чарговая пара маладых. Раптам адчыняюцца дзверы — і я бачу, што жаніх… скача на адной назе! Я, вядома, вельмі здзівілася. Аказалася, што за кароткі час да вяселля ў жаніха здарыўся пералом нагі. Аднак вяселле вырашылі не адкладваць. І хоць ісці было нялёгка, шчаслівы хлопец усё роўна вырашыў стаць мужам. Мы ж, у сваю чаргу, імкнуліся зрабіць усё магчымае, каб рэгістрацыя прайшла весела і запамінальна, добра выканаў сваю работу і фатограф. Гледзячы на фотаздымкі, ніхто і не здагадаецца, што ў жаніха была траўма нагі, — з усмешкай расказвае Рэгіна Леанідаўна.
— Немагчыма забыць і яшчэ адзін вясёлы выпадак. Праходзіла чарговая рэгістрацыя шлюбу. Ад душы віншую шчаслівых маладых, выказваю ім цёплыя пажаданні, запрашаю павіншаваць іх і гасцей. Раптам звяртаю ўвагу, што фатограф пасылае мне ў паветры пацалунак. Гляджу на яго — і не магу зразумець, што гэта значыць. Як аказалася, жаніх і нявеста сярод шэрага іншых момантаў рэгістрацыі вельмі жадалі зрабіць фота пацалунка. Я ж забыла прапанаваць ім умацаваць свой саюз сямейным пацалункам… Гэта развесяліла і маладажонаў, і гасцей! — са смехам расказвае Рэгіна Леанідаўна.
Кожную цырымонію рэгістрацыі шлюбу жанчына імкнулася правесці так, каб яна надоўга запомнілася ўсім гасцям. Усе пажаданні спецыяліста заўсёды ішлі ад душы. Прафесійнае майстэрства Рэгіны Леанідаўны было ацэнена на высокім узроўні. У 2010 годзе яна была прызнана лепшай сярод усіх спецыялістаў аддзелаў загса рэспублікі. На ўсё жыццё Рэгіне Леанідаўне запомнілася і ўрачыстасць з гэтай нагоды, куды былі запрошаны ўсе начальнікі аддзелаў загса краіны. Лепшаму галоўнаму спецыялісту Рэгіне Васюковіч намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь уручыў імянны гадзіннік.
Вопытная работніца заўсёды з задавальненнем удзельнічала ў рабоце інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама, у форумах маладых спецыялістаў. Рэгіна Леанідаўна ахвотна давала людзям патрэбныя кансультацыі, выказвала шчырыя пажаданні моладзі, якая толькі пачынае свой працоўны шлях.
Работа з людзьмі была настолькі любімай для жанчыны, што нават потым, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яна працягвала працаваць у службе “адно акно” райвыканкама. Вопытны спецыяліст заўсёды ўмела дакладна вывучыць сітуацыю і параіць чалавеку, як паступіць у той ці іншай сітуацыі.
І зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Рэгіна Леанідаўна не развітваецца з творчасцю — з’яўляецца актыўнай наведвальніцай клуба цікавых сустрэч “Ладушки”, які працуе пры дзяржаўнай установе “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна”, адказвае за падрыхтоўку культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках клуба. Надоўга запомняцца наведвальнікам мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці Юрыя Візбара, Ларысы Рубальскай. Дзякуючы цудоўным сустрэчам удзельнікаў клуба Рэгіна Леанідаўна даведалася шмат цікавага пра сваю малую радзіму. Наведвальнікі клуба з задавальненнем спяваюць песні, чытаюць вершы з нагоды многіх святаў. Выдатным адпачынкам для жанчыны з’яўляецца і чытанне кніг, вырошчванне кветак. Асабіста мне было цікава даведацца пра тое, што мая субяседніца піша казкі. Аднак не толькі для дзяцей, а і для дарослых. У бліжэйшы час мы абавязкова надрукуем яе творы на старонках раённай газеты.
Сваёй найдаражэйшай узнагародай Рэгіна Леанідаўна лічыць дзяцей і ўнукаў. Сын Павел у свой час набыў сярэдне-спецыяльную, вышэйшую адукацыю і зараз са сваёй сям’ёй жыве ў Мінску, займаецца дрэваапрацоўкай. Дачка Ірына скончыла Полацкі гандлёвы каледж, Смаленскі інстытут эканомікі, дзе набыла спецыяльнасць эканаміста і зараз працуе супервайзерам у гандлёвай фірме, якая займаецца продажам чаю. Асаблівую радасць дораць бабулі любімыя ўнукі Зарына, Арцём і Мікіта.
— У чым заключаецца сакрэт прафесіяналізму работніка аддзела загса? — пытаюся ў Рэгіны Леанідаўны.
— Самае галоўнае — ад усяго сэрца любіць сваю работу. Я заўсёды працавала з вялікім задавальненнем і ніколі не звяртала ўвагу на асабісты час. Калі было трэба, заставалася на працы, бо лічу, што кожную справу трэба выконваць на вышэйшым узроўні. Прызнаюся, што часта бачу ў сне, як прыходжу на любімую работу і ад душы віншую маладажонаў.
У час размовы з Рэгінай Леанідаўнай я адчула невыказную душэўную цеплыню. Сваім шчырым сэрцам яна сагрэла сотні маладажонаў, шчаслівых бацькоў, усіх людзей, якія ў свой час звярнуліся да яе па дапамогу. У працы дзеля людзей жанчына знайшла сваё прызванне.
Тэкст: Святлана ВАЗНЯК
Рэгіна Васюковіч не ўяўляе жыцця без любімай прафесіі
Фота з сямейнага архіва.