Пра тое, што ў суботу, 17 верасня, адбудзецца восеньскі кірмаш, мы паведамілі загадзя, у двух нумарах раённай газеты.
Пра тое, што ў суботу, 17 верасня, адбудзецца восеньскі кірмаш, мы паведамілі загадзя, у двух нумарах раённай газеты. І хоць аб’яўлялася, што мерапрыемства будзе праводзіцца з 9 да 14 гадзін, я вырашыў прыйсці раней, бо з вопыту папярэдніх гадоў ведаю, што і прадаўцы, і пакупнікі сельгаспрадукцыі, як правіла, наведваюць такія мепарыемствыы загадзя. Так і атрымалася: гандаль разгарнуўся, калі яшчэ не было і 8 гадзін.
Мерапрыемства чакалі як гараджане, так і вяскоўцы. Яшчэ летам наведвальнікі базару, цікавячыся коштам зерня і бульбы, заўважалі: “Пачакаем кірмаш. Там будуць і выбар, і цэны больш прымальныя”. Было вельмі цікава, ці спраўдзяцца тыя чаканні.
А 8-й гадзіне старая базарная плошча была амаль запоўнена. Самай першай на скрыжаванні вуліц Данукалава і Будзённага размясцілася гандлёвая кропка КУВСГП “Лепельскае”. Па выхадных на сельгаспляцоўку ад гэтага прадпрыемства прыязджае ГАЗэль, адкуль прадаецца зерне. На гэты раз разам з невялікім аўтамабілем прыехаў і вялікі МАЗ. Так, у ГАЗэлі прадаваліся жыта і авёс, якія былі сабраны ў мяхі, а з МАЗа рэалізоўваліся больш папулярныя азімая пшаніца і ячмень. Іх кошт складаў 5 рублёў за вядро.
Тавар з КУВСГП “Лепельскае” быў такі папулярны, што бухгалтар Юлія Правада ледзь паспявала прымаць грошы і разлічваць усіх пакупнікоў.
Заўважу, што ў апошні час цана зерня на сельгаспляцоўцы ўстанавілася на ўзроўні 6 рублёў за вядро, а летам даходзіла да 7, таму кошт збожжа на кірмашы быў вельмі прывабны. На гандлёвую пляцоўку прыбывалі дзясяткі патэнцыйных пакупнікоў, ля кропак выстройваліся забытыя за апошнія гады чэргі. У пэўны момант нават зафіксаваў карціну, як перад грузавымі аўтамабілямі прадаўцоў прыпаркаваіліся некалькі легкавых машын пакупнікоў, у некаторых нават адразу былі адчынены багажнікі.
Насенне для азімай сяўбы
У процілеглым куце гандлёвай плошчы размясціліся МАЗ і ГАЗ з УП “Пражэктар-агра”, адкуль была прывезена пшаніца. Вядро збожжа каштавала 5 рублёў. Авёс і жыта прапаноўваліся па 4 рублі. Акрамя таго, быў дастаўлены такі рэдкі тавар, як гарох, які прапаноўваўся па 5 рублёў. Дарэчы, гарох быў распрададзены вельмі хутка, да 8.15 заставалося толькі адно вядро. Кіроўца ГАЗа Аляксандр Пшанко сказаў, што гарох часцей набываюць рыбаловы на прынаду.
Вялікая чарга выстраілася да МАЗа з ААТ “Чарэйшчына”, дзе прадавалася азімая пшаніца.
— Чаму стаіце ў гэтай чарзе, чакаеце, калі ля МАЗА з “Пражэктар-агра” чаргі няма? — пытаюся ў знаёмага мужчыны.
— Мне патрэбна насеннае зерне, каб засеяць участак. У пшаніцы “Пражэктар-агра” трапляюцца зярняткі жыта, а пшаніца з “Чарэйшчыны” — чыстая. Я ўжо абышоў базар, агледзеў і прыняў рашэнне: буду стаяць у чарзе і куплю насенне тут.
— А колькі вам трэба?
— 4 мяхі па 5 вядзёр.
Дыспетчар Таццяна Алецкая, загадчыца склада Наталля Паўлоўская і кіроўца Аляксандр Чарныш ледзь паспявалі насыпаць зерне ў мяхі.
У 8.20 на сельгаспляцоўку прыехала машына з Талачынскага кансервавага завода.
Да 8.30 прыехалі МАЗы з СВФ “Заазер’е” і ААТ “Лепельаграсэрвіс”. Крыху раней, у 8.27, быў завершаны продаж з кропкі ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”.
— 27 хвілін — рэкорд не пераадолены, — з усмешкай кажа дырэктар сортавыпрабавальнай станцыі Андрэй Краўцоў. — Год таму мы ўстанавілі рэкорд — распрадалі прывезены на кірмаш тавар за 25 хвілін. Сёлета былі блізкімі.
— Прывязіце яшчэ! — прагучала непадалёк.
— Не можам. Зерне ляжыць на складзе, не затаранае ў мяхі. На падрыхтоўку аднаго выезду трэба затраціць не менш, як палову дня…
Сартастанцыя на кірмаш прывезла ячмень і азімую пшаніцу. Зерне для зручнасці загадзя было загружана ў мяхі.
— У мяху — 6 вёдзер, прадаём па 30 рублёў, атрымліваецца па 5 рублёў за вядро, — тлумачыць Андрэй Краўцоў.
— Ваша гаспадарка сярод іншага спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Сёння яе прывезлі?
— Бульбу яшчэ не капалі. Збіраемся пачынаць гэтыя работы ў бліжэйшыя дзень-два. Мяркую, што на наступны кірмаш, прызначаны на 8 кастрычніка, мы прывязём яшчэ і бульбу.
Бульба і іншая гародніна
Работнікі ААТ “Чарэйшчына”, дзе таксама вырошчваецца бульба, гэтага тавару на кірмаш не прывезлі. Клубні там яшчэ толькі пачалі капаць, таварных не выбіралі.
Цікавы эпізод адбыўся ў гандлёвай кропцы СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Першапачаткова філіялам быў устаноўлены кошт зерня ў памеры 6 рублёў за вядро. Аднак, пабачыўшы агульную сітуацыю на кірмашы, работнікі гаспадаркі зарыентаваліся і знізілі яе на рубель. У выніку продаж пайшоў актыўна, людзі набывалі збожжа не па 1-2 вядры, а мяхамі.
Бульбу на кірмаш прывезлі і прыватныя прадаўцы. Найбольшай папулярнасцю ў гэтым плане карысталася гандлёвая кропка ад полацкага прадпрыемства “Вясна-Энерга”, дзе прадавалася бульба па 75 капеек за кілаграм. За ёй, а таксама за морквай па 0,92, буракамі па 0,85, памідорамі па 1,42, агуркамі па 1,28 за кілаграм і іншым таварам выстройвалася чарга. У другім баку старой базарнай плошчы, паблізу былога Дома быту, знаходзілася кропка ад Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства, там бульба прадавалася па 1 рублі 10 капеек, кавуны — па 89 капеек, капуста — па 90 капеек, буракі — па 1,25, а морква — па 1,34. Памідоры можна было набыць па 1,73, агуркі — па 2,40 за кілаграм. З аўтамабіля Талачынскага кансервавага завода бульба прадавалася па 1 рублі за кілаграм, слівы — па 1,85, яблыкі — па 1 рублі, а грушы — па 2 рублі 15 капеек.
Вельмі парадавала, што не абмінулі раённы кірмаш і вяскоўцы Лепельшчыны, прывезлі бульбу па 8 рублёў за вядро. Аднак заўважу, што пакупнікоў у той дзень у асноўным цікавіла зерне, да бульбы інтарэс праяўлялі толькі адзінкі. Застаецца выказаць спадзяванне, што на наступны кірмаш прыярытэты пакупнікоў крыху зменяцца.
На кірмаш прыехалі 2 пчаляры з салодкай прадукцыяй. Цэны на мёд былі, як і ў звычайны базарны дзень: па 9 рублёў за паўлітра, 18 — за літр. Аднак счрод пакупнікоў я зацікаўленасці не заўважаў.
— Крыху пачакаем, — разважаў адзін пчаляр. — У першыя гадзіны ажыятаж адносна збожжа — звычайная з’ява. Потым попыт на яго будзе задаволены — і людзі звернуць увагу і на наш тавар.
Забягаючы наперад, скажу, што чалавек не памыліўся, бліжэй да канца гандлёвага дня попыт на мёд крыху ажывіўся.
Не хапае разнастайнасці
У ранейшыя гады сельгасарганізацыі акрамя іншага прапаноўвалі мясную прадукцыю, ялавічыну і цяляціну. Накіраваўся ў мясны павільён. Тут убачыў звыклую пустэчу. Толькі двое прадпрымальнікаў, адзін — са свежай свінінай і адзін — з замарожанай рыбай, працавалі на ранейшых месцах.
— Мы і самі чакалі, калі адбудзецца кірмаш, — разважаў адзін з іх. — Вядома, ялавічына, а тым больш цяляціна, — дарагое мяса, але ж і яно карыстаецца попытам. Ва ўсялякім разе, за апошнія дні больш за 10 чалавек падыходзілі і пыталіся, ці прывязуць мясную прадукцыю работнікі гаспадарак.
Зыходзячы з ранейшага вопыту, магу сказаць, што сур’ёзным для сельгасвытворцаў фактарам з’яўляецца абавязковае патрабаванне праводзіць забой выключна на пляцоўцы Лепельскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, дзе каля 200 рублёў накіроўваецца на аплату паслуг. Такім чынам вытворцам становіцца зусім нявыгадна прадаваць мяса на базары.
А што з прамысловымі прадпрыемствамі? Ці была прадстаўлена прамысловая прадукцыя? На вялікі жаль, на гэта пытанне адказ адмоўны. У гэтым восеньскім кірмашы не ўдзельнічалі ні Лепельскі лясгас, ні філіял “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мяскамбінат”, ні ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”. Не прадставілі на кірмашы сваю прадукцыю таксама мясцовыя прамысловыя прадпрыемствы ці прадпрымальнікі, а тым больш абласныя ці сталічныя.
— Летась на кірмашы можна было ўбачыць прадукцыю ААТ “Элема”, за дзень былі прададзены толькі дзве рэчы. Як думаеце, колькі прыбытку прадпрыемства атрымала з такога мізэрнага абароту? Зыходзячы з такога вопыту, ці пажадае кіраўніцтва прадпрыемства зноў прыехаць у Лепель? — задала рытарычныя пытанні загадчыца аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Палячэнка.
* * *
Падводзячы вынікі, можна сцвярджаць, што кірмаш прайшоў удала. У асноўным людзі планавалі купіць зерне па прымальным кошце, што ім і ўдалося зрабіць. Цяпер лепяльчане і вяскоўцы чакаюць наступны кірмаш і выказваюць новыя спадзяванні.
Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА