Археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Максіма Чарняўскага пры актыўным удзеле школьнікаў і настаўнікаў Слабадской сярэдняй школы імя М.М. Пшонкі (кіраўнік — Валерый Тухта) ў межах краязнаўчага школьнага лагера “Дубавец” працягваюць штогадовыя даследаванні помніка ранняга неаліту – сярэдняга бронзавага веку Бярэшча 1 каля вёскі Верабкі Лепельскага раёна.

Нягледзячы на штодзённыя дажджы і навальніцы, даследуецца прырэзка да асноўнага раскопа 2019-2024-га года ў цэнтральнай частцы помніка. Выяўлены шматлікі керамічны, крамянёвы і касцяны матэрыял пераважна нарвенскай, усвяцкай і паўночна-беларускай археалагічных культур, а таксама рэдкія для Паўночнай Беларусі матэрыялы сярэдняй бронзы.
