


Археалагічныя даследаванні маюць вялікае значэнне для разумення гісторыі рэгіёна. Наша старажытная зямля захоўвае мноства таямніц, разгадаць якія пад сілу не толькі навукоўцам-прафесіяналам, але і апантаным аматарам, якімі з’яўляюцца лепельскія школьнікі. Не адно пакаленне падлеткаў пад кіраўніцтвам сваіх, не менш апантаных настаўнікаў, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў дапамагае даследаваць старажытнае мінулае Лепельшчыны.
У папярэднія гады раскопак было зроблена шмат унікальных, нават сенсацыйных адкрыццяў. Напрыклад, знойдзены вырабы з бурштыну і фрагменты керамікі з выявамі чалавека і рыбкі, адкрыты і даследаваны некалькі старажытных паселішчаў, якія датуюцца эпохай неаліту і бронзавага веку. Гэта робіць Лепельшчыну прывабным месцам для далейшых даследаванняў.
У гэтым палявым археалагічным сезоне раскопкі на Лепельшчыне працягнуліся, і нават капрызы надвор’я не сталі перашкодай. На працягу двух тыдняў працавала археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Чарняўскага Максіма Міхайлавіча. Былі працягнуты штогадовыя даследаванні помніка ранняга неаліту – сярэдняга бронзавага веку Бярэшча-1 каля вёскі Верабкі.
Актыўны ўдзел у раскопках прынялі ўдзельнікі профільнага краязнаўчага лагера “Дубавец” Слабадской сярэдняй школы імя М.М. Пшонкі і валанцёры. Для кожнага з іх гэта ўнікальная магчымасць адшукаць уласную “Трою” ці іншы, міфічны свет. Удзел у археалагічных раскопках дазваляе школьнікам атрымаць практычныя веды, навучыцца працаваць з археалагічным абсталяваннем, разумець метады даследавання і захавання археалагічных знаходак. Гэта развівае навыкі працы ў камандзе, адказнасць, уважлівасць і цярплівасць. Акрамя таго, яны вучацца рабіць фотаздымкі і апрацоўваць знойдзеныя артэфакты. Урэшце-рэшт практычны досвед дапамагае ў вывучэнні школьнага прадмета “Гісторыя Беларусі”.
Сярод удзельнікаў раскопак навічкоў не так ужо і шмат. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо добра ведаюць археалагічную навуку, бо ў большасці сваёй маюць досвед не адной археалагічнай экспедыцыі. Сярод найбольш вопытных памочнікаў археолага выпускніцы адзінаццатага класа Дарыя Пшонка, якая шосты год запар бярэ ўдзел у раскопках, і Ульяна Бабаед, за плячыма якой дзявятая археалагічная экспедыцыя.
Праца на раскопках – гэта не рамантычнае баўленне часу, а карпатлівая і патрабуючая ўвагі праца: трэба старанна рукамі перабраць кожны грудок культурнага слою, што асцярожна падаюць рыдлёўкамі ці савочкамі з раскопа, размечанага на асобныя квадраты. І кожную знаходку трэба пакласці ў строга вызначаную і пранумераваную скрыначку.
Археалагічныя знаходкі – гэта не толькі каштоўныя артэфакты, але і маўклівыя сведкі жыцця нашых продкаў. Кожны фрагмент керамікі, кожны фрагмент краменю, кожная костка жывёлы – гэта нітачка, якая звязвае нас з мінулым. І лепельскія школьнікі разам з археолагам старанна перабіраюць гэтыя нітачкі, спрабуючы аднавіць страчаную карціну гісторыі.
Чым далей заглыбляешся ў лес ад палатачнага лагера экспедыцыі, тым бліжэй да месца, дзе вось ужо некалькі сезонаў вядуцца археалагічныя даследаванні. А гэта пара кіламетраў бойкай сцежкай, якая цягнецца праз, цяпер цяжка ў гэта паверыць, па дну старажытнага возера, якое плёскалася берагамі ад Верабак да самага Окана яшчэ некалькі тысячагоддзяў таму назад. Вось сярод гэтага старажытнага возера, на невялікіх выспах і жылі, займаліся гаспадарчай дзейнасцю нашы далёкія прашчуры ў тыя далёкія часы. Толькі ў мінулым годзе, падчас археалагічных разведак, было выяўлена яшчэ некалькі месцаў стаянак старажытнага чалавека ў мікрарэгіёне “Бярэшча” з аналагічнымі знаходкамі, як і на помніку Бярэшча-1.
Як засведчыў Максім Чарняўскі, на тэрыторыі Паазер’я, у Паўночнай Беларусі, амаль няма матэрыялаў на сярэдзіну – другую палову другога тысячагоддзя да нашай эры. І гэта “белая пляма” на самым цікавым адрэзку нашай першабытнай гісторыі. Матэрыялы з помніка пад назвай Бярэшча-1 дазваляюць паціху запаўняць гэтую “белую пляму”.
Сёлета сярод шэрагу знакавых знаходак можна вылучыць выраб са шчапанага ікла дзіка, які ўмоўна можна назваць рыбным нажом – універсальны інструмент для рэзкі і скаблення. Выраб мог выкарыстоўвацца пры апрацоўцы дрэва, скуры, размякчанай косткі, пры разборцы дзічыны. Датыроўка шырокая – ад 2-й паловы 6-га да сярэдзіны 2-га тысячагоддзя да н.э. Нож вельмі добра захаваўся, ад чаго археолаг у поўным захапленні.
Сярод індывідуальных знаходак можна вылучыць таксама гліняны грузік ад рыбалоўнай сеткі, знаходка якога ячэ раз пацвярджае, што рыбалоўства ў жыцці тагачасных людзей мела важнае значэнне.
Выяўлены шматлікі керамічны, крамянёвы і касцяны матэрыял пераважна нарвенскай, ўсвяцкай і паўночнабеларускай археалагічных культур, а таксама рэдкія для Паўночнай Беларусі матэрыялы сярэдняга бронзавага веку (1500 –1200 г. да н. э).
Пра важнасць справы, якую робяць археолаг і лепельскія школьнікі сведчыць і тое, што ў госці да даследчыкаў завітала тэлебачанне. Спецкар тэлеканала АНТ Аляксандр Мацяс адмыслова наведаўся на месца раскопак, каб зняць рэпартаж пра палявыя археалагічныя даследаванні. Сюжэт быў паказаны ў адным з выніковых выпускаў праграмы “Контуры”.
Археалагічныя даследаванні на Лепельшчыне працягваюцца. І хто ведае, якія яшчэ таямніцы захоўвае нашая зямля? Магчыма, наступны сезон прынясе новыя сенсацыйныя адкрыцці. А пакуль што, лепельскія школьнікі працягваюць сваю працу, крок за крокам прыадчыняючы вакно гісторыі. Іх энтузіязм і адданасць сваёй справе натхняюць і даюць надзею на тое, што мінулае нашага краю будзе захавана для будучых пакаленняў.
Валерый Тухта