“Нам хочацца сюды вярнуцца зноў і зноў!”
У дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр "Жамчужына" падчас летніх канікулаў прыязджаюць дзеці з усіх куткоў Беларусі і Расіі. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі праходзяць аздараўленне, але і развіваюць свае творчыя і спартыўныя здольнасці.
Можна з упэўненасцю сказаць, што педагогі і выхавальнікі ўстановы -- гэта людзі, якія дакладна ведаюць сваю справу і ў любімай прафесіі знайшлі сваё прызванне. Не адзін год аддала любімай рабоце і выхавальнік Фядосся Лагойская.
-- Фядосся Мікалаеўна, прыемна назіраць за тым, з якой радасцю прыходзяць да вас на заняткі юныя майстры…
-- Мы ствараем умовы для гарманічнага развіцця, аздараўлення і творчага самавыяўлення дзяцей. Пры выбары месца адпачынку для сваіх дзяцей бацькі імкнуцца ўлічыць многія важныя аспекты. Мам і татаў цікавяць бяспека знаходжання, размяшчэнне і камфартабельнасць, а таксама мерапрыемствы, якія праводзяцца ва ўстанове. Асноўнае патрабаванне бацькоў -- дзеці заўсёды павінны быць занятыя і знаходзіцца пад наглядам, атрымліваць не толькі карысць, але і задавальненне ад адпачынку ў лагеры.
Праграма летняй аздараўленчай змены дае магчымасць рэалізацыі творчага патэнцыялу, набыцця новых ведаў, уменняў і навыкаў у розных галінах.
Мэта любой праграмы -- не толькі падарыць задавальненне, але і навучыць чамусьці новаму. Дзеці больш ахвотна ўспрымаюць інфармацыю ў гульнявой форме. Калі ператварыць навучанне ў прыгоду, навучыць можна чаму заўгодна: і правілам бяспекі, і прадметным ведам, і перадаць адпаведныя навыкі. Мы, педагогі ўстановы, імкнёмся ўнесці ўклад у маральнае аздараўленне ўсіх выхаванцаў, каб кожнае дзіця адчула, што з’яўляецца маленькай часцінкай вялікай і дружнай сям'і “Жамчужыны”.
У першыя дні знаходжання ва ўстанове мы імкнёмся пазнаёміць дзяцей паміж сабой і спецыяльна для гэтага праводзім гульні. Такім чынам выхавальнік імкнецца даведацца пра здольнасці кожнага дзіцяці, каб потым хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі праявіць свае здольнасці. Важатая-аніматар актыўна працуе над раскрыццём творчых здольнасцей юных адпачывальнікаў. Дзецям ва ўстанове заўсёды цікава. Тут часта праводзяцца і спартыўныя мерапрыемствы -- гульні ў футбол, валейбол і баскетбол. Вельмі прыемна тое, што ў спаборніцтвах удзельнічаюць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі.
-- Фядосся Мікалаеўна, вядома, што, акрамя займальных і рухомых гульняў, дзеці праходзяць і аздараўленне…
-- Так. Акрамя ўсебаковага развіцця, па прызначэнні лекара ў лячэбным корпусе ажыццяўляюцца падводны масаж і лячэбная фізкультура. У фітабары для дзяцей гатуюцца гаючыя настоі са святаянніка, рамонку, мяты і шыпшыны.
-- Мяркую, что ў час знаходжання ў “Жамчужыне” дзеткі дзеляцца сваімі ўражаннямі ад адпачынку…
-- У час размовы з дзецьмі мы даведваемся, што ім вельмі падабаецца адпачынак ва ўстанове. Яны шчыра прызнаюцца, што пабывалі ў многіх здраўніцах Беларусі і Расіі, але лепш за “Жамчужыну” няма. “Нам хочацца сюды вярнуцца зноў і зноў. Выдатнае харчаванне, маляўнічыя краявіды, хваёвы бор і бярозавыя гаі, а побач -- чысцейшае і прыгажэйшае возера Шчыбат -- усё гэта захапляе нас у час кожнага прыезду ў санаторый, -- у адзін голас кажуць нашы выхаванцы.
Прыемна заўважаць і тое, што дзеці любяць чытаць кнігі і з задавальненнем наведваюць нашу бібліятэку.
-- Вельмі цікава даведацца, што ўяўляе сабой ажурная выцінанка.
-- Выцінанка -- гэта мастацтва выразання ажурных узораў з паперы, якое дасягнула высокага мастацкага ўзроўню. У Беларусь гэты напрамак мастацтва прыйшоў з Германіі і Скандынавіі, а нарадзіўся ў Кітаі. На тэрыторыі Беларусі ў 1560 годзе па загадзе Вялікага князя Вітаўта ў Нясвіжы была заснавана першая айчынная папяровая фабрыка. У аб'яднанні па інтарэсах "Ажурная выцінанка" да старажытнай культуры продкаў з задавальненнем далучаюцца не толькі дзяўчаты, але і хлопцы.
-- Фядосся Мікалаеўна, назіраючы за тым, з якім захапленнем вы расказваеце пра будні дзяцей, я зразумела, як шмат значыць для вас любімая ўстанова…
-- У цэнтры «Жамчужына” я працую часова, пакуль асноўны работнік знаходзіцца ў водпуску. На пастаяннай аснове я працую педагогам дадатковай адукацыі ў аб'яднаннях па інтарэсах "Ажурная выцінанка" і "Цудоўная палітра" дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Лепельскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”. Першае з іх знаходзіцца ў г.Лепелі, а другое -- у вёсцы Бароўка. Мой працоўны стаж ва ўстанове пачаўся ў 2002 годзе.
-- Як жа пачынаўся ваш шлях у парфесію?
-- Гады майго дзяцінства прайшлі ў г.Лепелі. Свой працоўны шлях у родным горадзе я пачала ў Лепельскім дзіцячым санаторыі, дзе была настаўнікам чарчэння і малявання. У летні ж перыяд сумяшчала працу выхавальніка і кіраўніка гуртка ў санаторыі і Доме піянераў.
У 1998 годзе стварыла сваю сям’ю. У нас нарадзілася дачушка Анастасія, якой я таксама перадала свае любоў да творчасці. Сёлета ж нашай сям’і споўнілася 25 год. Муж, Уладзімір Эдуардавіч, звязаў сваё жыццё з ваеннай службай. Зараз ён -- падпалкоўнік у адстаўцы, працуе ў дзяржаўнай установе адукацыі "Сярэдняя школа №1 г.Лепеля" кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Дачка Анастасія скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і працуе ўрачом-тэрапеўтам у Мінскай гарадской паліклініцы №34.
Тэкст і фота: Кацярына АГАПОНЬКА.
Пожар квартиры в Лепельском районе
Валет Петрович 24.04.2024 11:04Пожар квартиры в Лепельском районе
Валет Петрович 24.04.2024 11:04Слова благодарности в адрес хлебопеков
Наталья Филимончик 02.04.2024 14:12УБИЙСТВО В ЛЕПЕЛЕ
лепе 25.03.2024 17:10За установку автоматов — 620 рублей. «Ходоки»-электрики снова донимают пенсионеров
Валет 23.03.2024 23:43