Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокія раны на зямлі Лепельскага раёна. У руіны і папялішчы быў знішчаны 121 населены пункт, загінула шмат мірнага насельніцтва. Гэтыя падзеі, поўныя болю і мужнасці, засталіся ў памяці мясцовых жыхароў і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Жыхарка Зацяклясся Таісія Іванаўна Казлова пра падзеі 1943 года ўспамінала наступнае: “Сабралі людзей немцы. Каго ў Германію, астатніх насупраць могілак сагналі, акружылі з сабакамі, і ўжо лёг кулямётчык і затворам лязгае. Аднекуль конны прыскакаў, афіцэру паперку падаў, ён прачытаў і людзей адпусцілі. Гэта быў сапраўдны цуд. Пасля выратавання ўсе сабраліся і пайшлі ў “Кладкі” – балоцісты востраў, дзе вырылі зямлянкі. Там, у страшных балотах, немцы не адважваліся з’яўляцца. Цэлы год людзі жылі ў зямлянках, пакутуючы ад голаду. Зацякляссе было спалена немцамі, цудам засталася толькі адна хата цёткі Адэлі”.
Найбольш пацярпелі жыхары запаведных вёсак падчас карнай аперацыі “Котбус”, якую немцы распачалі ў ліпені 1943 года. Адной з першых пацярпела вёска Цярэшкі. Яе жыхароў выгналі ў горад Лепель. Пэўны час трымалі пад аховай на тэрыторыі ваеннага шпіталя, затым выпусцілі, але забаранілі вяртацца на папалішчы родных хат, бо вёска знаходзілася на тэрыторыі партызанскай зоны. Людзі вымушаны былі туліцца хто дзе мог. Асноўная частка жыхароў вярнулася ў 1944 годзе, калі тэрыторыя раёна была вызвалена ад немцаў. Жылі ў зямлянках. Цягам 1947 – 1948 гадоў вяскоўцы талакой дапамагалі будаваць адзін адному хаты. У 1943 годзе, падчас карнай аперацыі “Котбус” былі спалены лясныя вёскі Велеўшчына, Вострава, Стайск, якія знаходзіліся ў партызанскай зоне.
Жыхароў вёсак, што ўваходзілі ў партызанскую зону, прыраўноўвалі да пасобнікаў “лясных бандытаў” і бязлітасна з імі распраўляліся.
З даведкі пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў за 1943 год: “У вёсках Домжарыцы, Крайцы, Кветча 18 ліпеня 1943 года гітлераўскімі людаедамі шляхам расстрэлаў, спалення і забойства халоднай зброяй знішчана больш за 71 чалавек. 17 ліпеня 1943 года фашысцкімі варварамі ў вёсцы Пастрэжжа спалена 44 савецкія грамадзяніна”.
Вось што пра блакаду сорак трэцяга ў 2011 годзе ўспамінала жыхарка Домжарыцаў Кацярына Шымко. Падчас тых падзей ёй было шаснаццаць гадоў: “Нас прывезлі ў Крайцы. У вёсцы – капаная яма. Каля ямы – мужчыны і жанчыны, у адных галовы забінтаваныя, у другіх – рука падвязаная, некаторыя ж кульгавыя. Было іх шмат. Як толькі мы пад’ехалі, бяжыць адзін эсэсавец і спыніў нашу машыну. Загадаў злазіць – павёў нас да ямы. Тут якраз пад’ехаў высокі чын на машыне. Загадаў лезці назад у машыну і ехаць на Барысаў. Толькі мы ад’ехаліся, а тых людзей над ямай пачалі страляць”.
Вядома, што жыхароў Пастрэжжа, якія не здолелі схавацца ў балоце, прыгналі ў Кветчу. На ўскрайку вёскі немцы расправіліся з безабароннымі вяскоўцамі. У той трагічны дзень было загублена 60 мірных жыхароў вёсак Кветча і Пастрэжжа. Сярод ахвяраў – сем’і Аўтушак, Войнічаў, Карэнькаў, Коўзанаў, Рашэўскіх і Хацкевічаў. Немаўля з роду Юшкевічаў загінула разам са сваімі роднымі ў дзень свайго нараджэння.
Ужо больш за восемдзесят гадоў нячутна бразгання веснічак у дварах вёсак Кісцялёва, Белая Куна, Калінец, Чырвоная Горка, Пескаваткі, Белякі, Старынкі. Гэтыя паселішчы, знішчаныя фашыстамі, так і не здолелі аднавіцца пасля вайны – былі поўнасцю ці часткова знішчаны разам з жыхарамі.
Адной з самых першых ахвяраў фашысцкіх катаў стала вёска Кісцялёва Несінскага сельсавета, якая была знішчаная разам з жыхарамі 10 ліпеня 1942 года. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, ахвярамі сталі дваццаць восем вяскоўцаў – усе, хто на той момант знаходзіўся ў вёсцы. Сёння на помніку значацца трыццаць прозвішчаў.
Бадай што самай крывавай трагедыяй стала расправа над жыхарамі вёскі Слабодка Пышнянскага сельсавета. З успамінаў жыхара Слабодкі Сцяпана Хрышчанкі: ”18 студзеня 1943 года немцы наступалі на нашу вёску, дзе знаходзілася невялікая колькасць партызан. Партызаны здолелі адбіць варожы напад. На наступны дзень немцы пачалі наступленне большымі сіламі, і партызаны адышлі ў лес. Як толькі немцы нялі вёску, адразу пачалі расправу над мірнымі жыхарамі. Расстрэльвалі ўсіх, хто трапляўся на іх шляху. У хаты закідвалі звязкі гранат – і людзі гінулі. Кінулі гранату і ў хату, дзе знаходзіўся я разам з жонкай і дзецьмі. Ад разрыву гранаты жонка загінула, а дзеці былі параненыя. Немец паглядзеў, што ўсе паваліліся і пайшоў далей. Я цудам застаўся жывы. У сваёй схованцы прасядзеў амаль усю ноч”.
У той вечар у Слабодцы загінула 127 чалавек, было спалена і разбурана 28 двароў. У 1967 годзе на магіле ахвяраў фашызму адбылося адкрыццё абеліска.
Ніводная акцыя немцаў у дачыненні мірнага насельніцтва не абыходзілася без чалавечых ахвяр і матэрыяльных страт. Напрыклад, 10 лютага 1944 года фашысты ўварваліся ў Дзяньгубы. У выніку – вёска колькасцю ў 27 хат была спалена. Без даху на галавой засталося больш за сто чалавек. Дзве жанчыны былі забітыя.
Бесчалавечныя здзекі над вяскоўцамі чынілі фашысты і ўвесну 1944 года, падчас карнай аперацыі “Кармаран”. З пратакола допыту сведкі Кунчэўскага Міхаіла Пятровіча 1894 года нараджэння ад 31 студзеня 1949 года: ”Падчас гэтай экспедыцыі немцы з нашай вёскі Гадзіўля Свядскага сельсавета ўзялі 15 мужчын, у тым ліку і мяне. Прыгналі ад вёскі кіламетры за два, абшукалі Пасля гэтага загадалі стаць адзін каля аднога, узяцца моцназа рукі і ў такім стане пагналі па замініраванай партызанамі мясцовасці. З нашай групы на мінах загінулі чатыры чалавекі: Міхаіл Пыцько, Нікіфар Казак, Канстанцін Пярэдня, Уладзімір Юхноўскі. Тры чалавекі, у тым ліку і я, былі кантужаныя. Астатніх восем чалавек немцы працягвалі гнаць да канца міннага поля. Але яны засталіся жывымі.”
Спакутаваная лепельская зямля за тры гады акупацыі ўдосталь паспытала крыві. За гэты перыяд фашыстамі загублена адна тысяча сто дваццаць шэсць жыхароў раёна. Напамін пра тое – шматлікія абеліскі на памятных месцах ахвяр мінулай вайны.
Валерый Тухта
