У далёкім ужо 1967 годзе выпускніка юрыдычнага факультэта Саратаўскага юрыдычнага інстытута Дзірко Віктара Іванавіча размеркавалі на працу ў Лепельскі райаддзел міліцыі, дзе і прайшла большая частка яго службы ў органах унутраных спраў.
Так ён стаў следчым. На пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці Віктар Іванавіч і ўявіць не мог, што асноўную прафесію звяжа з міліцэйскім ведамствам. Яму, чалавеку па характару схільнаму да самааналізу, і зусім не кемліваму, здавалася, што ён зусім не падыходзіць да аператыўнай работы. Але час паказаў, што ён памыляўся. Цяпер Віктар Іванавіч з упэўненнасцю сцвярджае, што гэта не ён выбраў прафесію, а яна яго знайшла. На дзіва самому сабе малады міліцыянер пры неабходнасці праяўляў рашучасць, у пэўных момантах нават бясстрашша. Быў надзейным для таварышаў у экстрэмальных умовах.
— Літаральна з першых дзён работа заладзілася. Аказалася, што следчы – гэта прафесія асобая, цяжкая і не кожнаму падуладная. Яна патрабуе не толькі грунтоўных ведаў у розных сферах жыццядзейнасці, але і творчасці. Каб упэўнена працаваць, трэба ўвесь час удасканальвацца. Гэта дапамагае набыць шырокія веды, так неабходныя ў рабоце. Акрамя стажыроўкі ў ведамасных установах самастойна ўдасканальваў веды ў медыцыне, псіхалогіі, псіхіатрыі. І толькі пры поўнай самааддачы ў рабоце можна дасягнуць поспехаў, – успамінае Віктар Іванавіч.
З цеплынёй і павагай Віктар Дзірко ўспамінае начальніка лепельскай міліцыі Мікалая Каленчыца, у якога спасцігаў азы прафесіі. Вопытны міліцыянер адразу зразумеў, што са студэнта-выдатніка атрымаецца неблагі “сышчык”. І не памыліўся. Дзень і ноч Віктар Дзірко прападаў на службе, расследуючы то крадзяжы з вясковых магазінаў, то на чарговым допыце выводзіў “на чыстую” ваду чарговага нядбайнага злодзея. Так незаўважна праляцелі першыя сем год службы. Пасля чаго Віктара Іванавіча прызначылі на пасаду намесніка начальніка па аператыўнай рабоце ў абвязкі якога ўваходзіла прафілактыка правапарушэнняў і адказнасць за раскрыццё злачынстваў. На гэтай пасадзе ў непасрэдным падпарадкаванні былі ўчастковыя, з якімі пераважна раскрывалі шэраг злачынстваў, што здараліся на замацаваных за імі ўчастках. Участковымі ў той час працавалі Адналеткаў, Тычына, Васіль Гардзіёнак, Ражноў, Мікалай Карбоўскі.
Стары будынак міліцыі ў той час знаходзіўся на месцы, дзе зараз збудаваны Цэнтр сацыяльнай адаптацыі. Начальнік міліцыі Каленчыц пільна сачыў за тым, каб не толькі ў будынку аддзела быў ідэальны парадак, але і добраўпарадкавана навакольная тэрыторыя. У штаце аддзела было не больш за трыццаць чалавек, заўсёды быў недакамплект супрацоўнікаў. Напрыканцы 1960-х гадоў за аддзелам быў замацаваны толькі адзін “Уазік”, Міліцыянерам-вадзіцелям працаваў Уладзімір Шчэрбік, вельмі адказны супрацоўнік, гатовы ў любы час сутак выехаць на выклік. Потым ў распараджэнні Віктара Іванавіча быў матацыкл. Цяпер цяжка ўявіць, як у тыя часы міліцыянеры без ахоўнай экіпіроўкі і спецсродкаў удзельнічалі ў затрыманні небяспечных злачынцаў, большасць з якіх не па-сяброўску была настроена да ахоўнікаў правапарадку. Больш за тое, па словах Віктара Іванавіча, на затрыманне часта нават зброю не бралі.
У студзені 1980 года з Лепельскага РАУС, мінаючы “вобласць”, Віктара Дзірко пераводзяць на службу ў Цэнтральны апарат Міністэрства ўнутраных спраў БССР. У хуткім часе прызначаюць намеснікам начальніка аддзела па асабліва важных справах рэспубліканскага апарата крымінальнага вышуку. Працаваць давялося пад кіраўніцтвам Мікалая Іванавіча Чыргінца.
Цягам двух год, з красавіка 1985 па красаквік 1987 года Віктар Дзірко ў якасці саветніка знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Афганістане. Пра тое, чым з калегамі займаліся “за рэчкай”, ветэран не стаў дзяліцца падрабязнасцямі, спслаўшыся на сакрэтнасць місіі. Згадаў толькі, што выконвалі свае абавязкі дастойна. Крыху больш чым праз год знаходжання ў камандзіроўцы падпалкоўнік Дзірко быў узнагароджаны ордэнам “Слава” Рэспублікі Афганістан. У хуткім часе пасля камандзіроўкі Віктар Іванавіч выйшаў у адстаўку. Пэўны час працаваў у грамадзянскіх арганізацыях.
Вось ужо больш за дзесяць год Віктар Іванавіч актыўна займаецца краязнаўчай і пошукавай працай, якая непасрэдна звязаная з ваеннай гісторыяй Лепельшчыны. Ветэран даследуе дзейнасць разведвальна-дыверсійнага атрада Героя Савецкага Саюза Рыгора Лінькова, аднаго з першых партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Лепельскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы яго намагання каля лепельскай вёскі Амосаўка былі знойдзены рэшткі шасцярых дэсантнікаў з атрада Лінькова, якіх з урачыстасцямі перапахавалі ў ліпені 2017 года ў Лепелі. Таксама ўстаноўлена імя ячшэ аднаго дэсантніка, пахаванага ў вёсцы Стайск Слабадскога сельсавета.
Сабраныя дакументы, а таксама практычная работа па пошуку і ўвекавечванню імёнаў герояў вайны знайшла адлюстраванне ў кнігах Віктара Дзірко “Героическая деревня” і “Ангелы сошедшие с небеc”. У першай кнізе гаворка ідзе пра родную вёску Віктара Іванавіча Ліпавец Чашніцкага раёна і яе жыхарах, якія праявілі мужнасць у гады вайны. У другой кнізе аўтар распавядае пра жыццё і ваенныя лёсы воінаў-дэсантнікаў атрада Рыгора Лінькова. Напрыканцы мінулага года пабачыла свет дакументальная аповесць “Мои дороги”, у якой аўтар вядзе аповед пра свой жыццёвы шлях, а некалькі раздзелаў кнігі прысвечана нялёгкай працы міліцыянераў.
-
Ніколі і ні пры якіх абставінах не зварочвайце з абранага шляху, які вядзе
да дабрыні і міласэрнасці. Рабіце толькі добрыя справы, і тады ў вас ўсё атрымаецца і будзе добра, – звяртаецца напрыканцы гутаркі да чытачоў “Лепельскага краю” Віктар Іванавіч.
Віктар Іванавіч Дзірко, аднойчы выбраўшы прафесію міліцыянера, ніколі пра тое не пашкадаваў, як бы цяжка не было. З абранага шляху не звярнуў і прайшоў яго дастойна.
Валерый Тухта
На здымках: Віктар Дзірко падчас службы ў Лепелі. Віктар Дзірко з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам падчас святкавання 30-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана.
Здымкі з архіва Дзірко В. І.