Калі я пазнаёмілася з Андрэем Папкоўскім, старшым інструктарам-выратавальнікам Лепельскага РАНС, я пераканалася ў тым, што быць выратавальнікам мужчыне было наканавана лёсам.
Вытрымка, упэўненасць, уменне хутка арыентавацца ў складаных сітуацыях і фізічная загартоўка — менавіта тыя якасці, якія вельмі патрэбны выратавальніку, уласцівыя і Андрэю Іванавічу. У Лепельскім РАНС мужчына служыць амаль 20 год, і за гэты час любімая прафесія стала для яго справай жыцця. Для маладых спецыялістаў Андрэй Папкоўскі з’яўляецца мудрым дарадчыкам, а для больш вопытных калег — надзейным таварышам і аднадумцам. На рахунку выратавальніка — дзясяткі выездаў на барацьбу з вогненнай стыхіяй. Не аднойчы Андрэю Іванавічу прыходзілася выратоўваць людзей з вады, аказваць дапамогу ў час аварый.
— За гады службы прыходзілася бачыць рознае. Аднак заўсёды трэба памятаць, што ў любой, нават самай складанай сітуацыі, вельмі важна быць стрыманым, ні ў якім выпадку не даваць волю эмоцыям. Трэба засяродзіць увагу на сваіх абавязках — хутка прыняць правільнае рашэнне і дапамагчы чалавеку. Гэта правіла я засвоіў для сябе яшчэ ў першыя дні службы, — адначае Андрэй Іванавіч.
— Як жа пачынаўся ваш шлях да нялёгкай прафесіі?
— Я нарадзіўся ў г.Мінску. Менавіта сюды ў свой час прыехалі на вучобу мае бацькі. Тут яны пазнаёміліся і стварылі сям’ю. Аднак паколькі мая маці родам з вёскі Ладасна Лепельскага раёна, мы вырашылі пераехаць бліжэй да яе радзімы. Так, у 1996 годзе наша сям’я прыехала жыць у г.Лепель.
Скончыўшы 9 класаў сярэдняй школы №3, я паступіў вучыцца ў Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, дзе набыў спецыяльнасць майстра сельскагаспадарчай вытворчасці. Потым быў прызваны ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Тэрміновую службу праходзіў у пагранічных войсках, на заставе Пастаўскага раёна.
Прайшоўшы ваенную службу, спрабаваў сябе ў розных сферах, працаваў і дарожным рабочым у ДБУ-34.
І вось адзін з маіх сяброў прапанаваў уладкавацца на службу ў Лепельскі РАНС. Доўга не раздумваючы, я пагадзіўся.
— З якімі цяжкасцямі прыйшлося сустрэцца ў рабоце?
— Па жыцці я чалавек рашучы. Вядома, я ведаў, што мне прадстаіць прайсці нямала выпрабаванняў. Аднак гэта мяне не спыняла. Я заўсёды гатовы працаваць у надзвычайных сітуацыях.
Восенню 2005 года прыйшоў на службу ў Лепельскі РАНС. Каля 2 месяцаў праходзіў спецыяльнае навучанне, і вось пачаліся мае працоўныя будні…
— Вядома, у вашай практыцы здаралася рознае. Якія з сітуацый вам найбольш запомніліся?
— Памятаю, як яшчэ ў пачатку службы мы выехалі на чарговы выклік. У г.Лепелі загарэўся дом. Мы з таварышам увайшлі ў памяшканне, каб агледзіць пакоі, пры неабходнасці вызваліць з агню людзей. І раптам чуем моцны выбух і вакол — нічога не бачна, толькі дымавая заслона перад вачыма. Як аказалася, гэта ўзарваўся газавы балон. Спачатку нават адчулі разгубленасць, але потым сабралі нервы ў кулак і працягвалі сваю працу.
Прыходзілася выратоўваць і людзей, якія трапілі ў аварыю. У кожным выпадку я імкнуся не даваць волю эмоцыям. Калі лік ідзе на секунды, работу трэба выконваць хутка і аператыўна.
Калі ж параўноўваць нашу работу ў цяперашні час і ранейшыя гады, то трэба адзначыць, што раней пажараў было нашмат больш. Гэта і зразумела: раней не было мабільнай сувязі, нават стацыянарныя тэлефоны былі не ва ўсіх. Часта, калі мы прыязджалі на месца здарэння, бачылі перад сабой вялікае полымя. Зараз жа нам удаецца ліквідаваць пажар у самым яго пачатку.
— Кожнаму маладому спецыялісту вельмі важна атрымаць параду больш вопытнага таварыша, які становіцца настаўнікам у прафесіі. Хто стаў мудрым дарадчыкам па службе менавіта для вас?
— Я вельмі ўдзячны Сяргею Верташонку, чалавеку, які аддаў службе ў РАНС не адзін дзясятак год, мае нямала ўзнагарод за бездакорную службу. Ён і стаў для мяне настаўнікам у прафесіі.
— Вядома, што служба выратавальніка патрабуе поўнай самааддачы. Чаму ж вы прысвячаеце вольны час?
— Калі з’яўляецца вольная хвілінка, з задавальненнем праводжу час з любімай сям’ёй. Жонка Кацярына звязала жыццё з высакароднай прафесіяй урача, працуе загадчыцай Новавалосавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. У нас падрастаюць дзве дачушкі. Старэйшай, Паліне, споўнілася 11 год, яна вучыцца ў 6 класе гімназіі імя І.Ерашова. Малодшай жа, Ані, восем год, яна — трэцякласніца гімназіі.
Аднак Андрэй Іванавіч — не толькі мужны выратавальнік, а і майстар на ўсе рукі. Умелы гаспадар, ён сам пабудаваў уласны дом, ужо не першы год займаецца дрэваапрацоўкай. Вырабы, змайстраваныя ўмелымі рукамі Андрэя Іванавіча, упрыгожваюць усе пакоі маладой і дружнай сям’і. Акрамя таго, па прыкладзе таты ў вольны час мужчына займаецца рыбнай лоўляй.
— У Лепельскі РАНС кожны год прыходзіць новая змена выратавальнікаў. Што б вам хацелася пажадаць сваім маладым супрацоўнікам?
— Ніколі не баяцца цяжкасцей, смела і ўпэўнена ісці насустрач стыхіі, зрабіць усё для таго, каб выратаваць самае каштоўнае — жыццё чалавека. Перад вялікім жаданнем, мэтанакіраванасцю і рашучасцю ўсе цяжкасці адыходзяць на задні план.
— Няхай жа ў вашай рабоце будзе як мага менш няпростых сітуацый, а побач заўсёды будуць родныя і дарагія сэрцу людзі! — шчыра жадаю на развітанне мужнаму прадстаўніку высакароднай прафесіі.
Тэкст і фота: Святлана ВАЗНЯК.