Ужо з першых хвілін нашай гутаркі разумею, што мая субяседніца клапатлівая, скрупулёзная і адказная у сваёй працы.
Ахова працы — вельмі важная частка дзейнасці любой установы. Самая пільная ўвага гэтаму пытанню надаецца і ва ўстанове аховы здароўя “Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца”. Гэта шматпрофільная лячэбна-прафілактычная ўстанова, якая аказвае высокакваліфікаваную, спецыялізаваную экстраную і планавую псіхіятрычную, наркалагічную, псіхалагічную медыцынскую дапамогу, таму лічыцца, што работа тут з крыніцай павышанай небяспекі.
Стварэнне здаровых і бяспечных умоў для працуючых — адна з прыярытэтных задач кіраўніцтва, загадчыкаў структурных падраздзяленняў, прафсаюзнай арганізацыі і, канечне, вядучага інжынера па ахове працы Святланы Ерафеевай. Менавіта з ёй у нас і адбылася цёплая размова пра яе працоўныя будні і справы сямейныя.
— Праца ва ўстанове патрабуе ад усіх супрацоўнікаў добрых ведаў па ахове працы. Асноўнай маёй і кіраўніцтва задачай з’яўляецца забеспячэнне здаровых, бяспечных умоў на кожным працоўным месцы, а таксама кантроль за іх выкананнем.
Гэта вялікі пласт работы: ад распрацоўкі рознай дакументацыі, правядзення інструктажоў, праверкі ведаў работнікаў па ахове працы да стварэння санітарна-бытавых умоў у падраздзяленнях і выканання іншых мерапрыемстваў у гэтым напрамку, — кажа Святлана Пятроўна. — Праверку ведаў і ўмоў працы праводзіць камісія, у складзе якой і я, атэставаная ў абласным упраўленні аховы здароўя.
У калектыве ўстановы працуюць 163 чалавекі, сярод якіх медыцынскія работнікі, адміністрацыйна-гаспадарчы персанал, вадзіцелі і іншыя спецыялісты — для кожнага асобныя інструктажы.
Ужо з першых хвілін нашай гутаркі разумею, што мая субяседніца клапатлівая, скрупулёзная і адказная у сваёй працы. А калі Святлана Пятроўна адчыніла шафу, я ў гэтым упэўнілася яшчэ больш і, трэба сказаць, была здзіўлена такой вялікай колькасці папак па яе сферы дзейнасці. Інструкцыі, пажарная бяспека, навучанне, планы мерапрыемстваў, атэстацыя і шматлікія іншыя. Усё ў яе дакладна знаходзіцца на сваім месцы, кожная паперка мае вялікую важнасць, і спецыяліст заўсёды годна трымае экзамены перад праверкамі.
— Як лічыце, ці не залішне ў сучасным свеце нарматыўных дакументаў па ахове працы?
— Не, — смяецца мая суразмоўца. — Нарматывы — гэта не проста правілы. Гэта пункты, дзякуючы якім людзі могуць штодзень працаваць у бяспецы і захоўваць правільныя працоўныя адносіны.
Самыя лепшыя словы пра сваю супрацоўніцу кажа галоўны ўрач бальніцы Аляксандр Капытаў:
— Інжынеры па ахове працы незаменныя і важныя ў любой справе. Кожнаму працаўніку хочацца, каб працоўнае месца было зручным, камфортным і бяспечным. Святлана Пятроўна ведае сваю справу на выдатна, яна спецыяліст з вялікай літары. Мы вельмі ўдзячны ёй за якасную работу і клопат пра калектыў.
Ва ўстанове ўкаранёна і дзейнічае на высокім узроўні сістэма кіравання аховай працы. Ёсць і абсталяваны вучэбны клас па ахове працы з нагляднай інфармацыяй, маніторам і іншымі сродкамі для навучання. Работнікі бальніцы забяспечваюцца спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы.
Несумненна, кіраўніцтва пытанням аховы працы надае вялікае значэнне. Але і на сваім месцы знаходзіцца інжынер па ахове працы. Святлана Ерафеева — сапраўдны спецыяліст сваёй справы, умее вырашаць пастаўленыя задачы і дасягаць намечаных мэтаў. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца шматлікія граматы і падзякі, сярод якіх за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё аховы здароўя як раённага, так і абласнога ўзроўню. Акрамя гэтага, неаднаразова бальніца станавілася лідарам у розных спаборніцтвах па ахове працы. Так, напрыклад, некалькі гадоў таму заняла 2 месца ў рэгіянальным аглядзе-конкурсе “Лепшая арганізацыя ў вобласці аховы працы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (сярод арганізацый аховы здароўя з колькасцю работнікаў да 500 чалавек), на абласным узроўні — 3 месца ў намінацыі “Лепшая серыя памятак па ахове працы”. Таксама бальніца ўзнагароджана дыпломам прэзідыума рэспубліканскага камітэту Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя за лепшую арганізацыю ў вобласці аховы працы.
Усе гэтыя дасягненні не маглі быць не заўважанымі кіраўніцтвам установы і раённай уладай. Па выніках работы за 2022 год Святлана Пятроўна занесена на Дошку гонару Лепельскага раёна за дасягненне высокіх паказчыкаў у працы.
***
Сама жанчына родам з Верхнядзвінскага раена. Нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яе выхоўвалася яшчэ чацвёра дзяцей. З дзяцінства была прывучана да працы, разумела, што бацькам трэба дапамагаць па гаспадарцы. Пасля заканчэння 10 класаў паступіла ў Віцебскі індустрыяльны тэхнікум па спецыльнасці “тэхнік-тэхнолаг керамікі”. Скончыўшы ўстанову адукацыі з чырвоным дыпломам у 1984 годзе, па размеркаванні трапіла ў Лепель. Некалькі месяцаў папрацавала ў Лепельскім вытворчым дрэваапрацоўчым аб’яднанні інжынерам па метралогіі і стандартызацыі і была накіравана на цагельны завод.
Ужо ў той перыяд жанчыне прапаноўвалі вучобу на інжынера па ахове працы, аднак пабаялася ехаць у вялікі горад на курсы.
На гэтым прадпрыемстве 17 гадоў была майстрам. Здавалася б, зусім маладая дзяўчына, а на яе плечы з першых працоўных месяцаў легла шмат адказнасці. У падпарадкаванні былі людзі з рознымі характарамі, аднак да ўсіх знаходзіла падыход і агульную мову. Святлана Пятроўна лічыць, што калектыў быў вельмі зладжаны, ніхто не падводзіў, а наадварот, падтрымлівалі. Старэйшыя супрацоўнікі давалі парады, да якіх заўсёды прыслухоўвалася.
Там жа сустрэла будучага мужа Алега Аляксеевіча і ідзе з ім па жыцці ужо амаль 40 гадоў. Ен на той час працаваў загрузчыкам-выгрузчыкам тунэльнай печы, зараз мужчына рупіцца ў Лепельскім лясгасе.
З настальгіяй жанчына ўзгадвае, як хадзілі разам на танцы ў вёску Бароўка, Лепель, праводзілі разам вольны час. Асабліва весела было ў заводскім інтэрнаце — заўсёды збіралася шмат моладзі, гоман і смех не сціхаў да позняй ночы.
Пасля закрыцця завода 3 гады працавала ў цэнтральнай раённай бальніцы інжынерам па ахове працы і вось ужо 19 гадоў — у аблпсіхбальніцы.
У сям’і Ерафеевых выраслі дзве дачкі-прыгажуні Вольга і Анастасія. Дзяўчаты ўжо дарослыя і стварылі свае сем’і. Вольга працуе на Лепельскім МКК, а Анастасія скончыла інстытут культуры і зараз працуе ў Віцебску — выкладае ў гімназіі музыку.
Сапраўднай радасцю для Святланы Пятроўны і яе мужа Алега Аляксеевіча з’яўляюцца трое ўнукаў, якія да бабулі і дзядулі прыяджаюць вельмі часта.
Як толькі на парозе чаканыя госці, у кватэры Ерафеевых заўсёды пахне смачнай ежай. Святлана Пятроўна — не толькі адказны работнік, але і сапраўдная гаспадыня на кухні. Якімі далікатэсамі яна толькі ні частуе дзяцей, і ўсё гэта робіць з вялікай ахвотай.
А яшчэ жанчына, як толькі на двары неспрыяльнае надвор’е, бярэ у рукі спіцы, клубок нітак і вяжа шыкоўныя кофты, світары і іншыя рэчы.
— Не люблю дарэмна траціць час: ні на рабоце, ні дома… — на заканчэнне размовы кажа Святлана Пятроўна.
Наталля Храпавіцкая.