28 ліпеня ў парафіі Святога Казіміра ў Лепелі адбудзецца ўрачыстае прывітанне 16 цудадзейных абразоў Маці Божай, якія ўжо два гады пілігрымуюць па парафіях Беларусі.
Падрабязней расказаць пра гэтую падзею мы папрасілі пробашча парафіі ксяндзаУладзіміра Заянчкоўскага.
— Ксёндз Уладзімір, раскажыце пра гісторыю гэтай пілігрымкі.
— 6 чэрвеня 2021 года падчас урачыстасці Божага Цела ў Мінску Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч благаславіў копіі 8-мі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў для першай малітоўна-пакутніцкай аўтамабільнай пілігрымкі ўздоўж межаў Беларусі.
Так з 12 па 18 чэрвеня 2021 года па ініцыятыве пробашча Мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены ксяндза-каноніка Уладзіслава Завальнюка адбылася гэтая важная малітоўная акцыя, калі пілігрымы праехалі межамі Беларусі 3125 км.
Распачынаючы сваё першае духоўнае падарожжа ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі з гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выказаў, што Маці Божая «пілігрымуючы па Беларусі і благаслаўляючы гарады і вескі, садзейнічае яднанню вернікаў».
Падчас пілігрымкі праз заступніцтва Маці Божай вернікі маліліся аб спакоі ў нашай краіне і ва ўсім свеце, аб еднасці хрысціян, спыненні пандэміі, за сем’і, а таксама аб хутчэйшым аднаўленні Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
— Вы кажаце пра 8 абразоў, аднак зараз іх ужо 16…
— Пасля завяршэння паломніцтва распачалося падарожжа благаслаўлённых копій па парафіях Беларусі. Да васьмі копій, якія ўжо пілігрымавалі па Беларусі, былі дапісаны і далучаны копіі абразоў Маці Божай Гомельскай (Успамога тых, хто ў патрэбе), Маці Божай Юравіцкай (Маці Міру і Згоды), Маці Божай Жыровіцкай (Маці Еднасці), Маці Божай Барунскай (Суцяшальніца Засмучаных), Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганна Зачатай, (Апякунка Мінска).
Аднак на гэтым далучэнне копій да пілігрымкі не спынілася. 16 лістапада 2022 года ў межах святкавання Апекаў Маці Божай, якія адзначаліся ў Вільні на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Маці Міласэрнасці Вастрабрамскай, у касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме, падчас урачыстасцяў дапаможны біскуп Віленскай архідяцэзіі Арунас Панішкайціс благаславіў перэгрынацыйны абраз Маці Божай Вастрабрамскай для пілігрымкі па парафіях Беларусі і замежжа, дзе таксама адбываецца падарожжа.
У гэты перыяд перэгрынацыя па святынях адбывалась з 14 абразамі Адзінай Найсвяцейшай Маці, якія за гэты час ужо наведалі 65 каталіцкіх парафій. Таксама яны пабывалі ў 2-х свецкіх культурных установах. Адна з іх — Гомельскі абласны драматычны тэатр, дзе абразы разам ушанавалі каталіцкія і праваслаўныя біскупы краіны. Другая — гарадскі Палац культуры горада Маладзечна, адкуль родам мастачка Ядвіга Сянько, чыёй рукой і былі напісаны копіі найбольш шанаваных цудадзейных у Беларусі Марыйных абразоў. Пасля гэтага адбылося набажэнства ў санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гары ў Чэнстахове, дзе на ўрачыстасці ў гонар Маці Божай, Каралевы Польшчы асвечана копія 15-й іконы Чэнстахоўскай Чорнай Мадоны.
Здзяйсняецца перэгрынацыя бесперапынна, і на сёння складае каля 400 дзён пастаяннай малітвы перад цудадзейнымі абразамі Багародзіцы, а ў кіламетровай адлегласці паміж касцёламі больш за 8 тысяч кіламетраў. Перэгрынацыя плануе наведаць яшчэ амаль 450 парафій Беларусі…
Як адзначыў ксёндз Уладзімір, на мінулым тыдні ўдзельнікі пілігрымкі найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Маці Божай наведалі Італію, дзе ўзялі ўдзел у сустрэчы з Папам Францішкам на агульнай аўдыенцыі. Яны здзейснілі пілігрымку ў Рым на чале з духоўным кіраўніком перэгрынацыі ксяндзом Станіславам Станеўскім, прывёзшы ў Вечны горад 15 копій ікон Багародзіцы. 27 чэрвеня абразы былі выстаўлены ў санктуарыі Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якім апякуюцца ксяндзы з законніцкай супольнасці рэдэмптарыстаў. У гэты дзень адзначаўся ўспамін Маці Божай, якую ўшаноўваюць пад тытулам Нястомнай Дапамогі.
У святыні спіс абразоў дапоўніся копіяй цудадзейнага абраза Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які стаў 16-й кананічнай выявай Найсвяцейшай Панны Марыі ў перэгрынацыйным зборы.
На наступны дзень, у сераду 28 чэрвеня, 16 Марыйных абразоў былі выстаўлены на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, дзе адбылася агульная аўдыенцыя Папы Францішка. Святы Айцец прывітаў дэлегацыю вернікаў з Беларусі. Падчас сустрэчы з пастырам паўсюднага Касцёла хор з мінскай парафіі «Голас душы» заспяваў папулярную ў нашай краіне рэлігійную песню «Малюся за цябе, Беларусь». Кульмінацыяй сустрэчы для беларускіх пілігрымаў стаў момант, калі Пантыфік, вітаючы дэлегацыю, благаславіў спісы цудадзейных абразоў.
З нагоды 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнай будслаўскай іконы Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам на руках і 410-годдзя яе з’яўлення ў Будславе, ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і беларускіх вернікаў Папа Францішак атрымаў у дар копію абраза Маці Божай Будслаўскай.
28 ліпеня ў касцёл Святога Казіміра прыбудуць цудадзейныя абразы, якія будуць на Лепельшчыне знаходзіцца тыдзень. Кожны з нас, і не толькі католік, але і праваслаўны веруючы, і вернікі іншых канфесій маюць магчымасць памаліцца перад разнастайнымі абліччамі Маці Божай, выказаць Ёй свае просьбы і падзякі.
Пробашч парафіі ксёндз Уладзімір запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у святочным набажэнстве, а таксама ўшанаваць на працягу тыдня Божую Маці ў розных выявах, якая аб’яўлялася нашым продкам на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі.
Наталля Храпавіцкая.