Кожная гадавіна, якая святкуецца з дня заключэння шлюбу, мае сваю назву. На шэсцьдзясят пяты год сумеснага жыцця даводзіцца асаблівы юбілей — жалезнае вяселле. І жалеза нездарма стала сімвалам гэтай гадавіны, матэрыял гэты вельмі трывалы.
65-я гадавіна вяселля адзначаецца вельмі рэдка з-за таго, што нямногім сямейным парам удаецца столькі гадоў пражыць разам. Аднак нам пашчасціла сустрэцца з сям’ёй, якая дасягнула гэтай знамянальнай мяжы.
Сафія Макараўна і Генадзь Трафімавіч Парахонька родам з Лепельскага раёна. Гэта людзі, якія вельмі любяць сваю Бацькаўшчыну і за свае 90 гадоў ні разу не збіраліся мяняць месцажыхарства.
Са знамянальнай датай юбіляраў павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Алена Бельская, начальнік Лепельскага УЭС Глыбоцкага ЗУЭС ВФ РУП «Белтэлекам» Анатоль Купрэвіч, члены раеннага савета ветэранаў.
— Каханне, павага і ўзаемаразуменне, якія пануюць у вашай сям’і, служаць прыкладам для падрастаючага пакалення. Вы праз многае прайшлі разам, заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго ва ўсіх пачынаннях. Няхай ваша сям’я становіцца з кожным годам яшчэ больш і шчаслівай. Жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, доўгіх гадоў жыцця, — адзначыў Ігар Генадзьевіч.
Захапляльную канцэртную праграму юбілярам падрыхтавалі артысты раённага Дома культуры, тым самым падзяліліся сваім сардэчным цяплом.
Дзецям вайны дасталася гора і голаду з лішкам, аднак іх не зламалі шматлікія нягоды. Да гэтай катэгорыі адносяцца і нашы героі. Дарэчы, гэтая пара адна са старэйшых у нашым раёне. Вы толькі ўявіце сабе: шэсць з паловай дзясяткаў гадоў ідуць яны па жыцці рука аб руку! З іх абавязкова трэба браць прыклад моладзі!
Мы папрасілі Сафію Макараўну і Генадзя Трафімавіча расказаць пра сям’ю, і ў адказ пачулі сціплае: «А што распавядаць? Усё як ва ўсіх. Усялякае бывала ў жыцці».
На самой жа справе гэтай пары ёсць што расказаць…
Сяброўства з фізікай — з дзяцінства
Нарадзілася Сафія Макараўна ў 1934 годзе ў вёсцы Забалацце Пышнянскага сельсавета. Калі ёй споўнілася 7 гадоў, пачалася вайна, таму на перыяд ваеннага ліхалецця пра школу прыйшлося забыць.
— У нашай вёсцы стаяў нямецкі гарнізон, партызаны неаднаразова наступалі. Наша хата згарэла разам з іншымі. Усю вайну і пасля яе мы жылі ў зямлянцы, пакуль не аднавілі пабудову.
Памятаю, як святкавалі Вялікую Перамогу. У мяне на той час былі доўгія валасы. Адзін салдацік падышоў да мяне і падарыў жоўтую стужачку. Вельмі доўга я яе захоўвала, — кажа жанчына.
Пасля вайны старанную 10-гадовую дзяўчынку адразу ўзялі ў 2 клас. Пачатковую адукацыю атрымлівала ў мясцовай школе, 5-8 класы вучылася ў Заазерскай базавай школе Вораньскага сельсавета. Аж за 7 кіламетраў даводзілася хадзіць кожны дзень, не гледзячы на надвор’е. А старэйшыя класы вучылася ў сярэдняй школе №2 горада Лепеля.
— Я так любіла рашаць задачы. Усе на вечарынах адпачывалі, а я на печы з лучынай рашала, і больш мне нічога не трэба было, — з усмешкай на вуснах узгадвае мая суразмоўца.
У 1953 годзе Сафія Макараўна паступіла ў Полацкі дзяржаўны педагагічны інстытут Георгія Скарыны на спецыяльнасць фізіка, які скончыла ў 1957 годзе. Рашэннем дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі ёй была прысвоена кваліфікацыя настаўніка сярэдняй школы.
— Адкуль у вас такая цікаўнасць была да гэтага прадмета? Звычайна матэматыка і фізіка скараюцца хлопцам.
— Калі я вучылася ў СШ №2, да нас прыйшла пасля інстытута сям’я маладых педагогаў Собалевых. Міхаіл Фёдаравіч вёў фізіку, а яго жонка Тамара Фёдараўна — хімію. Настаўнік так цікава выкладаў фізіку, што ў іншай прафесіі я сябе ўжо і не бачыла.
Пры размеркаванні Сафія Макараўна была накіравана ў Лепельскі раён. Загадам ад 15 жніўня 1957 года Лепельскім раённым аддзелам адукацыі прызначана выкладчыкам фізікі ў 6-10 класах Замошскай сярэдняй школы, цяпер Чашніцкага раёна.
У 1960 годзе па сямейных абставінах была пераведзена настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Лепельскую сярэднюю школу працоўнай моладзі, а з 1968-га стала выкладаць фізіку ў сярэдняй школе №1 горада Лепеля, дзе атрымала 34 гады працоўнага стажу.
За адказнае стаўленне да работы, ініцыятыўнасць і бязмежную любоў да дзяцей педагог у 1977 годзе ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”, крыху пазней — Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі СССР, ЦК прафсаюза работнікаў адукацыі, вышэйшай школы і навуковых устаноў.
У 1983 годзе Сафіі Макараўне прысвоена званне “Настаўнік-метадыст”, у 1986 годзе яна ўзнагароджана нагрудным значком “Выдатнік асветы”, а ў 1987 годзе –- медалём “Ветэран працы”.
Па працы і пашана
Генадзь Трафімавіч нарадзіўся ў пачатку 1930-х гадоў у Лепелі і жыў з бацькамі на гэтым жа месцы, дзе і зараз жывуць нашыя юбіляры. Толькі дом быў у той час іншы, не такі дыхтоўны.
Памятае мужчына, як 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна, а 2 ліпеня немцы бамбілі Лепель:
— Разбамбілі ваенкамат, шмат дамоў, у тым ліку і наш, — кажа Генадзь Трафімавіч. –- Загінула адначасна 150 чалавек. Вельмі жахлівая сітуацыя.
Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 горада Лепеля паступіў у Рыжскае інжынерна-авіяцыйнае вучылішча спецыяльных службаў. Установа лічылася сакрэтнай і была адзінай у Савецкім Саюзе.
Пасля заканчэння яе трапіў па размеркаванні на аэрадром Сухумі. Тут трэба адзначыць, што толькі двое выпускнікоў былі накіраваны ў гэтае месца, дзякуючы паспяховасці ў вучобы. Астатнім выпалі месцы не такія цёплыя – Іркуцк, Свярдлоўск, Чыта і іншыя аж да Дальняга Усходу, бо Савецкі Саюз адчыняў новую магістраль авіяцыйнай сувязі.
Аэрадром знаходзіўся за 20 кіламетраў ад самога горада Сухумі, побач ні вёсак, ні паселішчаў. Нават паесці было складана. Часам даводзілася купляць буханку хлебу, цукру, ну і вада заўсёды была.
— Як паступіў у вучылішча, маці ўзяла крэдыт, пабудавала дом, працавала тэхнічкай у школе. Вядома ж, грошай не хапала. Мне таксама хацелася ёй дапамагчы, таму падчас працы за некалькі месяцаў сабраў 200 рублёў і адправіў у Лепель. Ой, як яна на мяне злавалася. Сказала, што не мая гэта справа, каб больш такога не было, лепш купляў сабе паесці.
На Лепельшчыну Генадзь Трафімавіч вярнуўся ў 1957 годзе і накіраваўся ў раённы вузел сувязі. Паўгода, па словах кiраўнiцтва, не было вакантнага месца. Працаўладкаваўся ў Заслонаўскі Дом афіцэраў, дзе абслугоўваў сувязь. Там нават знайшоў зламаны 100-ватны дынамік, вельмі моцны, за рамонт якога ніхто не хацеў брацца. Наш герой узяўся за справу і адрамантаваў прыбор.
Пасля 4 гадоў працы ў Заслонаве адправіўся зноў у раённы радыёвузел. На гэты раз пашчасціла: адпрацаваў тут 10 гадоў інжынерам, радыётэхнікам і на іншых спецыяльнасцях.
Вельмі лёгка давалася “навука сувязі” мужчыне, здольны быў у сваёй сферы, з часам мог выканаць нават самую складаную задачу, пастаўленую кіраўніцтвам.
— …З Віцебска на рамонт сувязі ў Бягомль ездзілі спецыялісты, і гэта было для іх нязручна. Начальнік участка ў Віцебску пачаў прасіць сваё кіраўніцтва, каб гэтую працу выконвалі лепельскія спецыялісты, — кажа мужчына.
Зразумела ж, выбар трапіў на Генадзя Трафімавіча – ён быў прызначаны адказным. Аднак не было памяшкання для кабiнета, таму прыкладна 18 чалавек часта сустракаліся ў хаце нашага героя, каб выканаць пэўную паперную працу і абмеркаваць розныя арганізацыйныя пытанні.
Пасля 10 гадоў працы ў вузле сувязі перайшоў у лінейна-кабельны ўчастак, дзе трэба было абслугоўваць 500 кіламетраў кабелю і 50 нупаў — неабслугоўваемых узмацняльных пунктаў.
— Аднойчы тэлефануе начальнік Віцебскага эксплуатацыйна-тэхнічнага ўчастка сувязі майму кіраўніку, а я знаходжуся побач, і просіць выдзеліць адказнага спецыяліста і гатовага сярод ночы ехаць на раён: “Каб не ён ваўкоў баяўся, а яго ваўкі баяліся”. Мой начальнік прапаноўваў розных людзей, але ніхто не задаволіў абласное кіраўніцтва. Тады ён сказаў: “Аддай мне Парахоньку. А калі не згодзішся, усё роўна яго забяру”.
Так я стаў начальнікам раённага ўчастка: адразу зрабіў усе вымярэнні кабелю, запісаў у пашпарт праўдзівую інфармацыю. Але атрымалася, што на адным участку не падыходзіць супраціўленне. Мой дакумент не прынялі, прыехалі пераправяраць і вызначылі, што я правы.
Следам была пастаўлена кіраўніцтвам задача дабіцца патрэбнага супраціўлення. Давялося рэалізоўваць свае рацыяналізатарскія ідэі.
Да Генадзя Трафімавіча ў раённым вузле сувязі заўсёды адносіліся з павагай і пашанай. Яно i зразумела — 42 гады працы аддаў прадпрыемству. Не забывае яго і зараз кіраўніцтва, заўсёды віншуе з рознымі прафесійнымі святамі і юбілеямі.
Сафія Макараўна і Генадзь Трафімавіч выгадавалі двух сыноў Сяргея і Аляксандра, якія скончылі Мінскі політэхнічны інстытут. Па іх слядах пайшлі і ўнукі, якія таксама атрымалі адукацыю ў гэтым вузе. Як кажуць юбiляры, гэта iх падтрымка i дапамога!
Гісторыя кахання
Прыгожая маладая дзяўчынка Сафія, калі вучылася ў старэйшых класах, каб не хадзіць пешшу кожны дзень у Забалацце, жыла на кватэры недалёка ад Парахонькаў -– у сваякоў Генадзя Трафімавіча. Хлопец часта прыбягаў да іх, так і пазнаёміліся. Увосень Сафія Макараўна паехала спасцігаць настаўніцкую навуку, а Генадзь Макаравіч паступіў у ваеннае вучылішча.
— Мой стрыечны брат жыў у яго маці на кватэры. Генадзь даведаўся ад яго, што вучуся ў педінстытуце і напісаў ліст. Завязалася сяброўства, якое хутка перарасло ў каханне. Зарэгістравалі мы свой шлюб 13 жніўні 65 гадоў таму назад. Гэта быў будны дзень, бо мужу трэба было ехаць на месяц на зборы.
***
Пакуль размаўляла з жанчынай, заўважыла за акном прыгожы куст руж, які вабіў сваімі кветкамі.
— Саша вучыўся ў 3 класе. Я яму дала грошы на булку, а ён па дарозе да дому замест здобы купіў ружу ў вазоне. Так яна ўжо красуецца на нашым двары 50 гадоў.
Наталля Храпавіцкая.