Падчас чарговага прыезду ў 19-ую асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду пазнаёміўся з двума нашымі землякамі.
Падчас чарговага прыезду ў 19-ую асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду пазнаёміўся з двума нашымі землякамі. Кірыл Тухта родам з аграгарадка Вялікі Поўсвіж, а Мікіта Невядомскі — лепяльчанін, пражываў па вуліцы 2-я Ульянка. З нядаўняга часу хлопцы служаць у шэрагах праслаўленай вайсковай часці. Хлопцы былі прызваны вясной і адразу былі накіраваны ў аб’яднаны вайсковы ў 72 аб’яднаны навучальны цэнтр у г.п. Печы для атрымання вайсковай спецыяльнасці.
— Якія спецыяльнасці атрымалі, хлопцы?
— Разведчыкаў-артылерыстаў, — адказвае Кірыл Тухта. — Нас вучылі ў розных умовах і на рознай мясцовасці выяўляць варожыя цэлі: бліндажы, умацаваныя і замаскіраваныя пазіцыі, кулямётныя кропкі праціўніка, наводзіць на іх агонь нашай артылерыі і карэкціраваць яго. Асноўнымі прыладамі для гэтага з’яўляюцца бусоль і дальнамер. З дапамогай першага прыбора вызначаецца накірунак цэлі (напрыклад, 5 і 25 градусаў управа або ўлева ад галоўнага арыенціра), а дальнамер, як выходзіць з яго назвы, вызначае адлегласць. Даём каардынаты на батарэю, а адтуль нашы артылерысты накрываюць яе агнём.
Пасля заканчэння курса навучання ў Печах салдатаў размяркоўваюць у іншыя часці для далейшага нясення службы. Такім чынам можна патрапіць у Брэст, Баранавічы ці іншы горад Беларусі, але Кірыла і Мікіту накіравалі ў Заслонава. Тут іх залічылі ў разведвальны батальён, а ў бліжэйшы час камандаванне канкрэтна вызначыць, у якое падраздзяленне і на якія пасады іх лепш прызначыць.
— Родныя ўзрадваліся, што далейшую службу будзеце праходзіць на Лепельшчыне?
— Вельмі! — працягвае Кірыл. — У Пячах родныя мяне наведвалі толькі двойчы. Вядома, ваенная часць знаходзіцца далёка. Затое ў Заслонава ў мінулыя выхадныя прыехалі без праблем. З іншага боку, ёсць і мабільныя тэлефоны, так што ніякіх перашкод з сувяззю няма.
— Задам даволі вострае пытанне. Наколькі актуальнай з’яўляецца праблема нестатутных ўзаемаадносін у арміі, з так званай дзедаўшчынай?
Адказаў Мікіта Невядомскі:
— За той час, пакуль мы служылі ў Печах, такой з’явы практычна не бачылі. На ўсіх этапах “дзедаўшчыне” ставіцца надзейная заслона, у першую чаргу праз пастаянны кантроль з боку афіцэраў. Круглыя суткі, дзе б мы ні знаходзіліся: у казарме, парку баявых машын, на палігоне, чым бы ні займаліся, у абавязковым парадку побач быў афіцэр, а часта і не адзін. Абстаноўка заўсёды кантралявалася, не ўзнікалі нават намёкі на якія-небудзь супрацьпраўныя дзеянні. Мяркую, што дзякуючы менавіта такім сістэмным дзеянням “дзедаўшчына” знікне. Падобная сітуацыя — поўны кантроль з боку афіцэраў — назіраецца і ў Заслонаве.
Да прызыву на службу Кірыл Тухта скончыў Віцебскі тэхналагічны інстытут, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-мехатроніка. Паколькі хлопец мае вышэйшую адукацыю, яго тэрмін службы складае год. Затым ён плануе рэалізаваць сябе ў ІТ-сферы. У гэтым яго падтрымліваюць бацькі — Наталля Васільеўна і Віктар Мікалаевіч.
Мікіта Невядомскі да прыходу ў армію скончыў Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж, дзе атрымаў будаўнічую спецыяльнасці і пачаў свій працоўны шлях на пасадзе тынкоўшчыка ў Чашніцкай ПМК-71. Хлопец узгадвае:
— Нас з сябрам добра там прынялі: выдзелілі месцы ў інтэрнаце і выдалі новую спецвопратку. Тут мы атрымалі першыя неблагія заробкі. Мама, Алеся Леанідаўна, і айчым, Аляксей Мікалаевіч, вельмі радаваліся за мяне. Пасля службы планую працаваць у будаўнічай галіне. Паспрабую паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, далей асвойваць азы будаўнічай прафесіі.
У час размовы з салдатамі я ўпэніўся ў тым, што хлопцы нацэлены на добрасумленную службу. У іх шмат планаў, якія, упэўнены, ім удасца рэалізаваць.
Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.
На здымку: салдаты-лепяльчане Кірыл Тухта і Мікіта Невядомскі.