Зімовыя месяцы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, як правіла, называюць мёртвым сезонам.
Глеба скавана марозам і ўкрыта белым снегавым покрывам, кармы для жывёлы нарыхтаваны, адзіная турбота ў механізатараў — забяспечваць жывёлагадоўчы працэс, падвозіць кармы і адвозіць арганічныя ўгнаенні. На гэтыя аперацыі патрабуецца мінімум тэхнікі і работнікаў, таму ў маштабах усяго сельгаспрадпрыемства ёсць магчымасць адпачыць і перавесці дух.
Разам з тым мы памятаем народную мудрасць, якая сведчыць, што сані трэба рыхтаваць летам, а калёсы — зімой. Гэтая мудрасць актуальная і для сельскай гаспадаркі. Зімой ёсць час для рамонту сельгастэхнікі у першую чаргу глебаапрацоўчай і пасяўной. Праз тры месяцы, як толькі сыдзе снег і прагрэецца глеба, гэта тэхніка будзе патрэбна ўвесь час. А час, між тым, праляціць хутка, не паспееш азірнуцца…
З такімі думкамі накіраваўся да рамонтных майстэрняў КУВСГП “Лепельскае”, якое знаходзіцца ў аграгарадку Вялікі Поўсвіж. Перад будынкам майстэрні знаходзілася некалькі легкавых аўтамабіляў — значыць, людзі на месцы ёсць, праца павінна праводзіцца.
Непасрэдна ў рамонтны цэх дзверы шчыльна зачынены. Такім чынам, памяшканне закрыта ад холаду. Гэта дазваляе ў некаторай меры падтрымліваць прымальную тэмпературу.
У майстэрні звярнуў увагу на пяць адзінак тэхнікі. Першым стаяў трактар МТЗ-920, раскатаны на дзве часткі. Матор, задні мост і кабіна стаялі паасобку. Інжынер КУВСГП “Лепельскае” па сельгасмашынах Арцём Паус сказаў:
— На гэтым трактары выйшла са строю каробка перадач. Трактарыст пакуль што адлучыўся, дапамагае іншаму механізатару ў рамонце. Неабходныя для рамонту запчасткі ёсць.
Тут жа стаялі мікрааўтобус “ГАЗэль”, дыскавая касілка АС-01, яшчэ адзін трактар МТЗ-920 і пагрузчык “Амкадор”, каля якога актыўна ішла работа. Пяцёра мужчын ставілі на месца кола. Дэталь вялікая, масіўная, таму справа ішла даволі цяжка. Добра, што ў майстэрні працаваў кран-бэлька, з дапамогай якога можна было прыўзняць пагрузчык.
Працэс пракаменціраваў галоўны інжынер прадпрыемства Міхаіл Бусаў:
— У пагрузчыку ўзнікла даволі значная паломка, утварылася трэшчына ў элеменце корпуса задняга маста.
— Давялося замяняць элемент?
— Не, заварылі. Зваршчык Генадзь Драгун добра ведае сваю справу, заварыў надзейна. Цяпер трактарыст пагрузчыка Станіслаў Скібскі разам з іншымі механізатарамі ўстанаўлівае кола на месца.
— Рамонт трактараў, вядома, справа важная. Аднак, як праходзіць рамонт глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі? У гэтай майстэрні я не бачу ні плугоў, ні культыватараў, ні сеялак.
— У другой майстэні, у арачніку трактарыст Аляксандр Жарнасек паставіў плуг, падрыхтаваў яго да рамонту. На агрэгат закуплены неабходныя запчасткі. Аднак механізатар пакуль што часова накіраваны на іншую, больш пільную работу, ён адвозіць арганіку. У гэтай майстэрні, як бачыце, стаіць толькі касілка. Мадэль неблагая, вытворчасці канцэрна “Амкадор”. Аднак, як і іншая падобная тэхніка, яна вельмі адчувальная да камянёў, якімі так багатыя нашы палі. Ад удараў пашкоджваюцца шасцерні і шпонкі. Пакуль што маем час для яе рамонту, але, думаю, касілка тут доўга не затрымаецца.
ГАЗэль жа нядаўна была перададзена ў гаспадарку з аддзела па адукацыі райвыканкама. На гэтай машыне шмат гадоў у школы дастаўляліся вучні. Зараз патрабуецца рамонт каробкі перадач і кузава ГАЗэлі. У далейшым яе плануецца выкарыстоўваць у якасці рэзервнай лятучкі, падвозіць работнікаў на важныя аб’екты.
Падводзячы вынік, адзначу, што праца ў КУВСГП “Лепельскае” па рамонце тэхнікі праходзіць зладжана, але крыху запаволена. Як кажуць спецыялісты, варта актывізавацца, бо вясна не за гарамі. Замінка ж, як і ў сітуацыі з большасцю сельгасарганізацый, заключаецца ў недахопе грошай для набыцця запчастак і расходных матэрыялаў.
Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.
На здымку: механізатары разам устанаўліваюць кола на пагрузчык.