Ферма ў Велеўшчыне -- адна з лепшых у раёне
Ініцыятыву прыезду на ферму і тэму наведвання падаў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч:
-- З пачаткам халоднага надвор’я паўстае праблема стварэння добрых умоў працы. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі накіроўвае спецыялістаў менавіта на гэты напрамак. Камфортны тэмпературны рэжым на рабочых месцах, забеспячэнне цёплай рабочай вопраткай і абуткам павінны быць нормай, а не выключэннем.
Першай у шэрагу аб’ездаў стала ферма ў Велеўшчыне. Выбар тлумачыцца тым, што гэта адзін з перадавых вытворчых аб’ектаў не толькі ва УП “Пражэктар-агра”, а і ва ўсім раёне. Прычым лідарскія пазіцыі працоўны калектыў устойліва трымае ў апошнія гады. Уважлівыя чытачы абавязкова ўзгадаюць публікацыі, прысвечаныя дасягненням перадавікоў, якія былі размешчаны ў раённай газеце.
Прыехалі ў Велеўшчыну ў сярэдзіне дня, якраз перад пачаткам даення. Жывёлаводы Сяргей Баравік і Віктар Дзівін на кані прывезлі са склада муку, хлеб і разам з даяркамі сталі раздаваць іх жывёле. Каровы са смакам елі булкі, боханы, пернікі і цягнуліся да іх галовамі.
Варта патлумачыць. УП “Пражэктар-агра” мае ўстойлівыя, працяглыя традыцыі супрацоўніцтва з філіялам Лепельскім хлебазаводам ААТ “Віцебскхлебпрам”. На сельскагасападарчае прадпрыемства з гандлёвых арганізацый, магазінаў і крам вяртаюць непрададзеныя хлебабулачныя вырабы. Дзякуючы правільнаму гаспадарчаму падыходу, нерэалізаваная прадукцыя хлебазавода не ўтылізуецца, а перадаецца на фермы, для корму жывёле, а ў выніку атрымліваюцца вышэйшыя надоі.
З Сяргеем Марціновічам прайшлі па хлявах, зазірнулі ў халадзільны цэх, у пакоі для пераапранання і адпачынку. У хлявах і цялятніку было хаця і прахалодна, але не марозна. У бытавых памяшканнях батарэі былі цёплыя, але ж тэмпература паветра не зусім камфортная. Магчыма, варта было б лепш уцяпліць вокны.
Размова з загадчыцай фермы Ларысай Садоўскай адбывалася ў пакоі адпачынку. У памяшканні было цёпла. Там, сярод іншага, ёсць электрачайнік і плітка – значыць, пасля працы можна пагрэць ежу, выпіць гарачага чаю або кавы.
-- Ларыса Рыгораўна, прапаную пачаць з лічбаў, якія характарызуюць ваш вытворчы аб’ект.
-- На ферме ў цяперашні час утрымліваюцца 537 галоў буйной рагатай жывёлы. З іх 303 дойныя каровы, 115 цялят і 119 галоў -- адкорм і нецелі. За суткі надойваем каля 3640 кілаграмаў малака. З іх рэалізуем каля 3500 кілаграмаў, астатняе ж ідзе на выпойванне цялят. У асноўным малако рэалізуецца гатункам экстра, рэдка -- вышэйшым. У сярэднім ад каровы атрымліваем па 12 кілаграмаў малака -- вельмі добры паказчык.
-- Як пагалоўе забяспечана кармамі?
-- У поўнай меры. Лета выдалася неблагое, трава расла ўсюды, было шмат угоддзяў, дзе можна было пасвіць кароў. Яны добра елі і добра давалі малако. З першага ўкосу сена і сенажу нарыхтавана ў поўную меру, а вось другі ўкос быў горшым. Затое кукуруза не падвяла, сіласу нарыхтавана вельмі шмат. Так што наша пагалоўе забяспечана ўсім неабходным: сенам, сенажом, сіласам і мукой.
-- Як работнікі забяспечаны спецвопраткай з улікам зімы? – звяртаецца з пытаннем Сяргей Марціновіч.
-- З гэтым існуюць пэўныя праблемы. Як вы бачылі, у асноўным людзі на работу прыходзяць у сваім спецадзенні. Цёплае адзенне выдавалася даўно. І хаця курткі і камізэлькі яшчэ не прыйшоў час выдаваць, яны ўжо знасіліся. Яшчэ трэба было б выдаць “робы” і халаты. Апошняе, што выдавалася, -- гумовыя боты -- вясной жывёлаводам і даяркам перад пачаткам пашавага перыяду. Праз нашу прафсаюзную арганізацыю мы звяртаемся з просьбай да кіраўніцтва гаспадаркі паспрыяць, але пакуль што нам адказваюць, няма грошай. Аднак у бліжэйшы час абяцаюць дапамагчы.
У вёсцы Велеўшчына ферма з’яўляецца ці не адзіным месцам працы для мясцовых жыхароў. Заробкі ў работнікаў, як і паўсюды ў галіне, залежаць ад надояў: летам, натуральна, вышэйшыя, а зімой скарачаюцца. Па словах Ларысы Садоўскай, у летнія месяцы даяркі і пастухі могуць атрымліваць да тысячы рублёў, зімой жа -- каля 500-600 рублёў.
Як і многія кіраўнікі, Ларыса Рыгораўна заклапочана недахопам работнікаў. Каб даць магчымасць даяркам і жывёлаводам выкарыстаць чарговыя водпускі, яна просіць пенсіянераў, колішніх работнікаў выйсці на працу.
І ўсё ж такі, нягледзячы ні на якія цяжкасці і праблемы, кіраўніцтва УП “Пражэктар-агра” бачыць перспектыву развіцця жывёлагадоўлі ў Велеўшчыне, таму ідзе будаўніцтва побач яшчэ аднаго хлява. Памяшканне будзе разлічана на ўтрымліванне цялят. На сённяшні дзень у цялятніку пры ферме жывёла ўтрымліваецца да трох месяцаў, затым на дарошчванне перавозіцца на іншыя фермы. З увядзеннем у строй новага памяшкання плануецца на месцы гадаваць цялят ад васьмі месяцаў да года. А новае памяшканне -- гэта і новыя рабочыя месцы.
Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА
На здымку: Сяргей Марціновіч вядзе размову з Ларысай Садоўскай
Ровно 50 лет назад в День Конституции Евдокия и Михаил Владимирович Трубеко стали мужем и женой.
Люда Чернецкая 15.03.2023 12:37Какая продукция Лепельского хлебозавода пользуется спросом среди жителей района
Юрий 20.01.2023 19:45Две школьницы украли елку из подъезда
Александр 29.12.2022 22:45Хлопчыкі-зайчыкі, дзяўчынкі-сняжынкі, ці як адзначалі Новы год у савецкай школе
Умка 29.12.2022 18:16На Лепельском РМЗ работают мастера высшего разряда
Анастасия 20.12.2022 12:33