Для кого работа в органах ЗАГСа стала неотъемлемой частью жизни? Более подробно об этом читайте в материале Светланы Возняк.
Эстафету кіравання аддзелам загса райвыканкама ў 2007 годзе ў вопытнага спецыяліста Аляксандры Цобанавай пераняла Алена Бельская. Мілая ўсмешка гэтай жанчыны знаёмая сотням наведвальнікаў аддзела. Самае ж галоўнае правіла, якім вопытны спецыяліст кіруецца па жыцці, гэта ўменне знайсці падыход да кожнага чалавека, умець выслухаць і падтрымаць у патрэбнай сітуацыі.
Прызнацца шчыра, нават цяжка паверыць, што Алена Канстанцінаўна працуе ў аддзеле загса шаснаццаты год. Маладая, жыццярадасная, заўсёды ў выдатнай фізічнай форме… Жанчына зараджае акружаючых сваім пазітывам і працоўнай энергіяй.
— Работа ў засге стала для мяне справай жыцця, — расказвае суразмоўца. — Калі начальнік аддзела загса Аляксандра Цобанава пайшла на заслужаны адпачынак, Валянціна Лаўрыновіч, якая ў той час працавала кіраўніком справамі райвыканкама, прапанавала мне заняць гэту пасаду. У той час я працавала спецыялістам райвыканкама, часта рыхтавала для сваіх калег творчыя віншаванні, памятныя адрасы і таму вырашыла, што работа ў загсе таксама падыходзіць для мяне.
На ўсё жыццё запомніла пацвярджэнне сваёй новай пасады, якое праводзіў намеснік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Аднак праз год быў не менш складаны экзамен — я праходзіла прафесійнае субяседванне ў прысутнасці вопытных спецыялістаў юрыдычнай галіны пад кіраўніцтвам Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Вядома, у той дзень вельмі хвалявалася, але ўсё прайшло паспяхова. Напэўна, гэта і было для мяне важным стартам у новай прафесіі.
Працоўны вопыт мне пашчасціла пераняць у сваёй вопытнай калегі — галоўнага спецыяліста аддзела загса райвыканкама— Рэгіны Васюковіч. Рэгіна Леанідаўна з задавальненнем давала мне карысныя парады, якія вельмі спатрэбіліся ў далейшай рабоце. Ва ўсім я адчувала надзейную падтрымку свайго настаўніка ў прафесіі, таму цяжкасцей у рабоце практычна не заўважала. Паколькі адным з маіх абавязкаў з’яўляецца ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу, я напісала сцэнарый і актыўна рыхтавалася да гэтага незабыўнага этапу. Аднак у першыя дні маёй работы рэгістрацыяй шлюбу займалася менавіта Рэгіна Леанідаўна. Раптам ёй прыйшлося праходзіць лячэнне ў бальніцы. Менавіта ў гэты час быў разгар вяселляў — у выхадныя адбывалася больш за дзесяць цырымоній рэгістрацый шлюбу. Што рабіць? Трэба праводзіць іх самой. Памятаю, як вельмі хвалявалася, сустракаючы першых маладажонаў. У той час мне здавалася, што я бачу толькі іх. Аднак самае галоўнае — дарыць віншаванне ад сэрца, ад душы. Вельмі прыемна, што цеплыня, якую я дарыла людзям, знайшла водгукі ў сэрцах людзей. Прайшла адна рэгістрацыя шлюбу, другая… Паступова я зразумела, як шмат значыць для мяне любімая прафесія. Быць сведкам шчасця, стварэння сям’і — гэта невыказная радасць, якая напаўняе сэнсам наша жыццё.
— Вядома, што заўсёды прыемна сачыць за шчаслівымі ўсмешкамі людзей. Аднак, напэўна, у вашай практыцы здараюцца і цікавыя выпадкі…
— Так. Назіраючы за гасцямі, якія прыходзяць разам з маладажонамі, звяртаю ўвагу на тое, што адны паводзяць сябе вельмі стрымана, другія ж, наадварот, актыўна выказваюць свае эмоцыі. Калі бачу, што госці сціплыя, прашу іх падтрымаць маладажонаў шчырымі віншаваннямі, радаснымі воклічамі.
Калі раней цырымонія рэгістрацыі шлюбу павінна была праходзіць менавіта ў будынку аддзела загса, то ў апошнія гады яна можа адбывацца ў любым месцы, дзе пажадаюць маладажоны, — у жывапісным месцы ля возера, ракі і г.д. Вельмі запомнілася цырымонія рэгістрацыя шлюбу ў кафе Беларускай Нацыянальнай бібліятэкі. Менавіта там пажадалі зрабіць рэгістрацыю маладажоны. У прыемных успамінах захавалася таксама цырымонія рэгістрацыі шлюбу, якая праходзіла на катэры, на беразе адной з аграсядзіб раёна. З вялікім захапленнем назірала за тым, як у час выязной рэгістрацыі жаніх вёў каня, на якім сядзела нявеста. Гэта было вельмі рамантычна. Вядома, такія падзеі надоўга запамінаюцца не толькі маладажонам, а і гасцям.
Паколькі работнікі загса працуюць над падрыхтоўкай разнайстайных даведак, тут вельмі важна быць цярплівымі, умець дакладна вывучыць сітуацыю. У некаторых выпадках людзі забываюць час нараджэння сваіх родных, час рэгістрацыі іх шлюбу. У такіх выпадках разбіраемся разам, успамінаем даты нараджэння дзяцей — і такім чынам прыблізна высвятляем усе іншыя даты.
Мне пашчасціла працаваць з людзьмі, якія добра ведаюць сваю справу, дзеляцца сваім вопытам і шматлікімі напрацоўкамі. Кіраўнікі справамі сельвыканкамаў Лепельскага раёна — гэта адна зладжаная каманда аднадумцаў. Вось так, разам мы актыўна працуем над стварэннем летапісу раёна.
* * *
Работа ў аддзеле загса райвыканкама стала неад’емнай часткай жыцця і для Кацярыны Крывец. Шматлікія наведвальнікі загса палюбілі Кацярыну Аляксандраўну за яе спагаду, шчырасць і памяркоўнасць. Скончыўшы сярэднюю школу №4, Кацярына паступіла ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе набыла спецыяльнасць юрыста. Свой працоўны шлях пачала на пасадзе юрысконсульта аддзела па адукацыі райвыканкама, затым прымала наведвальнікаў у службе “адно акно” райвыканкама. І вось з 2012 года Кацярына Аляксандраўна працуе галоўным спецыялістам аддзела загса райвыканкама.
— Паколькі штодзень прыходзіцца прымаць дзясяткі наведвальнікаў, спецыялісту загса вельмі важна ўмець хутка ўвайсці ў курс справы, зразумець, з якой канкрэтна праблемай звярнуўся члавек. Нярэдка лдзі хвалююцца і не могуць адразу растлумачыць мэту свайго прыходу. У такім выпадку мы становімся псіхолагамі, супакойваем чалавека і разбіраемся ва ўсім разам з ім. Калі ж людзі выказваюць шчырыя словы падзякі за работу, гэта з’яўляецца для нас найлепшай узнагародай.
— Ваша работа заўсёды вельмі насычаная. Магчыма, некаторыя сітуацыі вам асабліва запомніліся?
— Вядома, здараецца рознае, — расказае суразмоўца. — Аднойчы ў час рэгістрацыі шлюбу я па традыцыі пытаюся ў маладажонаў:
— Ці згодныя вы ўступіць у шлюб? Жаніх, адкажыце!
— Не! — пачулася ў адказ. — У гэты момант і я, і ўсе госці адчулі разгубленасць.
— Не! Я не магу сказаць “не!” Я згодны! — раптам прадоўжыў жаніх. Канечне, гэта было прыемнай нечаканасцю для ўсіх. Аднак спачатку, канечне, я вельмі хвалявалася.
Рабоце Кацярына Аляксандраўна аддае шмат часу. Калі ж у яе з’яўляецца вольная хвілінка, яна прысвячае яе любімай сям’і. Муж Дзмітрый працуе вадзіцелем. Дачушцы Лізавеце споўнілася 14 год, яна вучыцца ў 9 класе сярэдняй школы №3. Сыночку Алёшу — 7 год, хлопчык — другакласнік гэтай жа школы. Паколькі Кацярына Аляксандраўна са школьных год захапляецца гісторыяй, цікавасць да нашага слаўнага мінулага яна дорыць і сваім дзецям. Разам з імі шмат падарожнічае па памятных мясцінах Лепельшчыны і іншых раёнаў.
— Работнікі загса рэгіструюць важныя падзеі жыцця людзей, таму мы заўсёды адчуваем асаблівую адказнасць і ў той жа час захапляемся сваёй прафесіяй, — шчыра прызнаецца Кацярына Аляксандраўна.
* * *
З пачуццём асаблівага захаплення расказвае пра сваю прафесію кіраўнік справамі Бароўскага сельвыканкама Валянціна Урбан. Свой працоўны шлях у Бароўскім сельвыканкаме жанчына пачала ў 1998 годзе, калі разам са сваёй сям’ёй прыехала жыць на Лепельшчыну з г.Віцебска. Муж Валянціны Віктараўны Ігар Генадзьевіч шмат год узначальваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а зараз з’яўляецца старшынёй Лепельскага раённага Савета дэпутатаў.
— Ведаеце, Лепельшчына, гэты непаўторны блакітнавокі край, з першых дзён прытуліла нас да сябе. Тут жывуць цудоўныя, шчырыя і гасцінныя людзі. Таму і праца ў Бароўскім сельвыканкаме адразу стала для мяне блізкай. Так, нам прыходзіцца шмат працаваць з дакументамі, нярэдка сустракаемся з людзьмі з сумнай нагоды. Аднак у нашай рабоце шмат і шчаслівых момантаў. З гонарам успамінаю пра тое, што менавіта ў Бароўскім сельвыканкаме было зарэгістравана нараджэнне Івана Дывака — першага жыхара Лепельшчыны, які з’явіўся на свет у Новым Годзе, стагоддзі і тысячагоддзі. Івану ўжо споўніўся 21 год. А здаецца, што гэта было зусім нядаўна.
Ад усёй душы жадаю сваім дарагім калегам, каб і надалей любімая работа прыносіла ім толькі радасць і задавальненне. Няхай у нашай рабоце будзе як мага больш шчаслівых хвілін!
* * *
Вельмі прыемна было пазнаёміцца і з маладым кіраўніком справамі Лепельскага сельвыканкама Юліяй Віннікавай. Юлія Эмільеўна працуе ва ўстанове толькі некалькі год, але за гэты час прафесія стала для яе любімай справай. Сваіх жа калег гэта мілая жанчына лічыць членамі адной дружнай сям’і.
— З першых дзён працы я адчула, з якімі шчырымі і спагадлівымі людзьмі мне пашчасціла працаваць. Ніхто з супрацоўнікаў мне не адмовіць у дапамозе. Кожны дасць патрэбную параду, падкажа, калі штосьці незразумела, таму я вельмі ўдзячная калегам за ўсё, што яны зрабілі для мяне.
Працаваць з людзьмі Юліі Эмільеўне было наканавана лёсам. Дзяўчына нарадзілася ў аграгарадку Пруднікі Докшыцкага раёна, атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. Некаторы час працавала ў школе, затым — у мясцовым сельвыканкаме. Паколькі муж Юліі Эмільеўны Ягор Віннікаў узначаліў ААТ “Лепельрайаграсэрвіс”, жанчына змяніла месца працы і ўладкавалася на работу кіраўніком справамі Лепельскага сельвыканкама. Радуюць маладых бацькоў і дарагія дзеткі. Старэйшы, Арцём, —трэцякласнік, а малодшаму, Ванечку, хутка споўніцца 5 год.
— Няхай у адрас маіх дарагіх калег гучаць толькі самыя шчырыя словы прызнання за добрасумленную і адказную працу! — ад душы пажадала Юлія Віннікава.
Тэкст і фота: Святлана ВАЗНЯК.