Мы працягваем бліжэй знаёміць чытачоў з землякамі, якія з’яўляюцца лепшымі ў раёне ў пэўнай галіне дзейнасці. Іх імёны ўпрыгожваюць раённую Дошку гонару.
-
Мы працягваем бліжэй знаёміць чытачоў з землякамі, якія з’яўляюцца лепшымі ў раёне ў пэўнай галіне дзейнасці. Іх імёны ўпрыгожваюць раённую Дошку гонару. І сёння хочацца распавесці пра прыгожую жачыну, добрага, сардэчнага чалавека, стараннага работніка Алену Серабро. Алена Юр’еўна працуе метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама. У яе абавязкі ўваходзіць вучэбна-метадычнае забеспячэнне дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна па сацыяльна-педагагічнаму і псіхалагічнаму суправаджэнню адукацыйнага працэсу. Прасцей кажучы спецыяліст каардынуе дзейнасць педагогаў сацыяльных і педагогаў-псіхалагаў ва ўстановах адукацыі раёна, займаецца выяўленнем і суправаджэннем праблемных сем’яў, якія часцей за ўсё атрымліваюць такі статус з-за злоўжывання спіртнымі напоямі. Спецыяліст узаемадзейнічае з суб’ектамі прафілактыкі раёна, прымае актыўны ўдзел у пасяджэннях каардынацыйнага савета, камісіі па справах непаўналетніх. Разам з вядучым спецыялістам аддзела па адукацыі Наталляй Бахаравай супрацоўніцы ўтвараюць так званы сектар аховы дзяцінства.
Сістэма адукацыі нашага раёна багатая на дасягненні. Гэта залатыя і сярэбраныя медалі выпускнікоў школ, 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваных экзаменах і тэсціраванні, поспехі на прадметных алімпіядах розных узроўняў. І за высокімі паказчыкамі навучэнцаў канечне ж стаіць педагог. Ён вучыць, правярае, матывуе… І за гэта, натуральна, атрымлівае ўзнагароды па заслугах. А як ацаніць вынікі працы спецыяліста па ахове дзяцей? Па колькасці адабраных з няўдалых сем’яў дзяцей або наадварот? На пытанне намесніку начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксане Лясун, за якія заслугі менавіта імя гераіні матэрыялу было прапанавана для занясення на раённую Дошку гонару, атрымала адказ: ”Алена Юр’еўна – выдатны спецыяліст, шмат год аддала добрасумленнай працы ў галіне аховы дзяцінства. Яе паважаюць і калегі, і падначаленыя. Інтарэсы дзіцяці яна ставіць вышэй за ўсё”.
Нарадзілася і вырасла Алена Юр’еўна ў г. Лепелі, скончыла педагагічны каледж імя Ф. Скарыны ў Полацку, потым працягнула навучанне ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, дзе і атрымала кваліфікацыю “Сацыяльная педагогіка. Метадыст па выхаваўчай рабоце”. Пачынала педагагічную дзейнасць з пасады настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў Сушанскай сярэдняй школе, потым была праца ў якасці сацыяльнага педагога гімназіі імя І.М. Ерашова г. Лепеля. А са снежня 2010 года жанчына шчыруе ў аддзеле па адукацыі райвыканкама. Мае дваіх дзетак. “Дачушка Насця ўжо вучыцца ў Наваполацкім музычным каледжы. Будзе таксама педагогам”, — з гонарам гаворыць матуля. – Сынок Вадзім – скончыў 4 класы сярэдняй школы №3 г. Лепеля”.
— Вялікім дасягненнем і галоўным паказчыкам вынікаў сваёй працы і іншых службаў і спецыялістаў у галіне аховы дзяцінства лічу тое, што за 12 апошніх год з нашага раёна ў інтэрнатныя ўстановы вобласці не было накіравана ні адно дзіця. Змагаемся да апошняга, каб вярнуць малых або ў біялагічныя сем’і, або накіраваць у апякунскія ці прыёмныя.
Для даведкі. У Лепельскім раёне пражывае 5151 дзіця. 76 дзетак з 34 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 4 сям’і і 7 дзяцей з іх прызнаны маючымі патрэбу ў сацыяльнай абароне. У 2023 годзе праводзілася прафілактычная работа з 304-мя сем’ямі Лепельшчыны, за прайшоўшы перыяд 2024 года – са 158-ю. 19 дзетак вымушана пакідалі родныя сем’і і накіроўваліся ў СПЦ у мінулым годзе, 10 – у бягучым.
Супрацоўнікі сектара па ахове дзяцінства кажуць, што ў іх справе выпадковых людзей няма. Ёсць паплечнікі і аднадумцы з устаноў адукацыі раёна з якімі яны робяць адну вялікую справу – абараняюць дзяцей. Гэта Юлія Мастаўнікова і Святлана Юшкевіч з СШ №3 г. Лепеля, Алена Пракапенка і Наталля Папкова з сярэдняй школы №1, Таццяна Тухта са Слабадской сярэдняй школы імя М.М Пшонкі, Алена Бабенка і Алена Ігнатовіч са Старалядненскай базавай школы імя Ф.П. Занько, Святлана Калітнік і Наталля Зайцава з раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і многія іншыя супрацоўнік -
і, якім Алена Серабро адрасуе шчырыя словы падзякі за вернасць абранай справе і прафесіяналізм. А яшчэ і Алена Юр’еўна, і Наталля Уладзіміраўна звяртаюцца да ўсіх нас, неабыякавых грамадзян. Яны просяць не праходзіць міма ўбачаных выпадкаў сацыяльнага недабрабыту, а паведамляць пра гэта спецыялістам, якія абавязкова акажуць дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Чужых дзяцей не бывае, усе яны – нашы!
Нона СЕЗДЗІНА