10 лістапада ў Лепельскім Цэнтры рамёстваў прайшоў творчы вечар Вольгі Рафаэлеўны Ганчар «З мінулага ў будучыню»!
10 лістапада ў Лепельскім Цэнтры рамёстваў прайшоў творчы вечар Вольгі Рафаэлеўны Ганчар «З мінулага ў будучыню»!
На мерапрыемстве Вольга Рафаэлеўна распавяла аб сваёй творчай дзейнасці і рабоце па напрамках: набойка, роспіс і ткацтва габелена, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што старыя тэхнікі застаюцца актуальнымі і сёння, і могуць выкарыстоўвацца ў сучасным інтэр’еры.
А традыцыйная тэхніка набойка вельмі актыўна выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання сучасных сарафанаў, блузак і іншых прадметаў адзення. Дзейнасць Вольгі Рафаэлеўны накіравана на тое, каб традыцыйныя рамёствы здабылі новае жыццё!
Госці мерапрыемства прынялі ўдзел у майстар-класе па ткацтве габелена і былі ўражаны разнастайнасцю гатовых работ у калекцыі майстра. Таксама ўсе былі захоплены працамі ў традыцыйнай тэхніцы – роспіс пад шклом. Многія з прысутных адзначылі, што працуюць у гэтай тэхніцы самастойна, а іх настаўнікам у засваенні азоў стала Вольга Рафаэлеўна!
Прысутныя на творчым вечары вучні майстра Кацярына Сокур, Таццяна Герцык і Галіна Хацкевіч адзначылі, што дзякуючы майстэрству і таленту Вольгі Рафаэлеўны яны імкнуліся навучыцца тварыць прыгажосць з простых матэрыялаў і «Калі б не было яе, то не было б і іх як творцаў»!
Усе прысутныя адзначылі, што ў кожнай рабоце Вольгі адчуваецца часціца душы і аўтарскі почырк, якія натхняюць на новыя крокі ў творчасці!
Вольга Рафаэлеўна, жадаем Вам натхнення, новых ідэй і творчай рэалізацыі!