Не адно пакаленне слабадскіх лесаводаў зрабіла вялікі ўнёсак у памнажэнне лясных багаццяў Лепельскага раёна, што знайшло адлюстраванне ў музейнай экспазіцыі Слабадской сярэдняй школы імя Мікалая Пшонкі.
У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі лясной гаспадаркі Лепельшчын, у тым ліку і слабадскія лесаводы. Не адно пакаленне слабадскіх лесаводаў зрабіла вялікі ўнёсак у памнажэнне лясных багаццяў Лепельскага раёна, што знайшло адлюстраванне ў музейнай экспазіцыі Слабадской сярэдняй школы імя Мікалая Пшонкі. Там прадстаўлены багаты краязнаўчы матэрыял, сабраны звесткі пра гісторыю лясніцтва, якое налічвае шмат дзесяцігоддзяў.
Пасля кастрычніка 1917 года на тэрыторыі Лепельскага раёна дзейнічала тры лясніцтвы: Свядскае, Каменскае, Лепельскае. Свядскае лясніцтва зямельнага аддзела выканаўчага камітэта Полацкага акружнога Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў было створана ў вёсцы Свяда (цяпер аграгарадок Слабада) Валосавіцкага сельсавета Лепельскага раёна Полацкай акругі ў кастрычніку 1918 года, ліквідавана ў студзені 1930 года. Частка ляснога фонду была перададзена ў склад Валосавіцкага лясніцтва, у якім працягвалі працаваць былыя работнікі Свядскага лясніцтва.
У чэрвені 1948 года на ўзнагароджанне Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі СССР былі прадстаўлены лепшыя работнікі Лепельскага лясгаса, сярод якіх быў ураджэнец вёскі Свядзіца Лук’ян Карбоўскі, ляснік Валосавіцкага лясніцтва.
У 1949 годзе ў спісе лепшых работнікаў Лепельскага лясгаса значыліся леснікі Валосавіцага лясніцтва Лук’ян Карбоўскі, які на той час меў 3 гады працоўнага стажу ў лясной гаспадарцы і жыхар вёскі Далікі Сцяпан Аношка, стаж якога налічваў 10 год працы ў лясной гаспадарцы.
У 1949 годзе зноў была адноўлена дзейнасць Свядскага лясніцтва, а першым ляснічым быў назначаны Васіль Вячэрскі. Плошча ляснога фонду складала 15020 гектараў.
Загадам па Віцебскім абласным упраўленні лясной гаспадаркі № 181 ад 29.12.1949 года «за дасягненне высокіх паказчыкаў у выкананні вытворчых заданняў, прымяненне стаханаўскіх метадаў працы і актыўны ўдзел у сацыялістычным спаборніцтве» Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі СССР былі ўзнагароджаны работнікі Свядскага лясніцтва аб’ездчык Дзяніс Крыцкі і ляснік Мікіта Пшонка.
У кастрычніку 1950 года ляснік Сцяпан Аношка ўзнагароджаны нагрудным знакам “Х год службы ў дзяржаўнай лясной ахове СССР”.
Шмат гадоў працаваў бухгалтарам Мікалай Змітрачонак. Вярнуўшыся з вайны, ён скончыў курсы бухгалтараў лясной гаспадаркі і прыступіў да выканання сваіх прафесійных абавязкаў.
З 1951 па 1979 год Свядскае лясніцтва ўзначальвалі ляснічыя Мікалай Каленік, Фёдар Праннік, Канстанцін Гардзееў, Кірыл Чваркоў, Іван Скібскі, Міхаіл Багданаў, Васіль Жарнасек.
Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва паміж лясніцтвамі ў 1957 годзе Свядскае лясніцтва (ляснічы Чваркоў К. І.) заняло 4 месца з сямі. Тром абходам лясніцтва было прысвоена званне абходаў выдатнай якасці. У 1960 годзе Свядскае лясніцтва складала 15479 га. Было падзелена на 3 участкі і 15 абходаў.
Пасля службы ў Савецкай арміі ў 1959 годзе на пасаду ўчастковага тэхніка-лесавода Свядскага лясніцтва быў прыняты Уладзімір Булах, які скончыў Полацкі лясны тэхнікум. Уладзімір Аляксандравіч больш за трыццаць гадоў бездакорна адпрацаваў памочнікам ляснічага.
У 1964 годзе ў лясгасе зарэгістравана дзве рацыяналізатарскія прапановы: ляснічым Свядскага лясніцтва Іванам Скібскім укаранёна ў вытворчасць прыстасаванне для завострывання пільных ланцугоў, якое працуе ад бензапілы, гадавая эканомія ад укаранення склала 150 рублёў.
У сакавіку 1967 года за кошт разузбуйнення Красналуцкага і часткова Свядскага лясніцтваў было ўтворана Кашчынскае лясніцтва з агульнай плошчай 6225 га.
У 1970 годзе да юбілейнага медаля «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» прадстаўлены трактарыст Анатоль Рудак Уласавіч і станочнік мехустаноўкі Дзмітрый Лях.
У 1972 годзе за кошт разузбуйнення Зацякляскага і Свядскага лясніцтваў утворана Барсукоўскае лясніцтва плошчай 5988 га.
На 1 студзеня 1974 года плошча Свядскага лясніцтва складала 8519 га, пакрытая лесам – 7796 га.
У маі 1979 года па размеркаванні пасля заканчэння БТІ імя Кірава ляснічым Свядскага лясніцтва быў прызначаны Мікалай Анікей. Ён адпрацаваў на гэтай пасадзе больш за 35 гадоў. Сваю працоўную дзейнасць Мікалай Аляксандравіч завяршыў у 2013 годзе ляснічым першага класа, выйшаўшы на пенсію. Пры ім ў 1982 годзе Свядскае лясніцтва было перайменавана ў Слабадское лясніцтва Лепельскага лясгаса.
Распараджэннем Савета Міністраў Беларускай ССР ад 1 верасня 1982 года Барсукоўскае лясніцтва і частка тэрыторыі Зацякляскага лясніцтва плошчай 9524 га перададзены Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку для арганізацыі эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадаркі. У гэтым жа годзе за кошт дзяржлесафонда Слабадскога лясніцтва створана Велеўшчынскае лясніцтва, якое было скарочана ў 1987 годзе. У 1990 годзе на тэрыторыі Слабадскога лясніцтва створаны гідралагічна-журавінны заказнік “Клецішча” плошчай 200 гектараў.
З чэрвеня 2013 года Слабадское лясніцтва ўзначальвае Дзмітрый Каротчык. Самым старэйшым работнікам не толькі лясніцтва, але і Лепельскага лясгаса з’яўляецца Аляксандр Логавін, які працуе ў лясной гаспадарцы сорак год.
Маладое пакаленне слабадскіх лесаводаў дастойна працягваюць справу сваіх папярэднікаў. Шэраг работнікаў лясніцтва адзначаны Нагруднымі знакамі Міністэрства лясной гаспадаркі. Сярод іх майстар лесу Святлана Каротчык, памочнік ляснічага Андрэй Іода, леснікі Уладзімір Васілеўскі, Васіль Стэльмах і Васіль Доўнар.
Валерый Тухта