— Я з дзяцінства ведаю, што такое нялёгкая вясковая праца, работа на зямлі.
— Сяргей Плігаўка прыступіў да выканання сваіх службовых абавязкаў некалькі месяцаў таму, але ён праявіў сябе як здольны арганізатар, выдатны спецыяліст, якому можна даручыць любую адказную справу, — так ахарактарызаваў Сяргея Аляксандравіча намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Ярахновіч. — Аднак ён не толькі перспектыўны кіраўнік, але яшчэ і тата траіх дзяцей. Проста выдатна, што ў галіне сельскай гаспадаркі раёна працуюць такія людзі.
Кожны працоўны дзень кіраўніка літаральна распісаны па хвілінах: трэба ўсюды паспець, вырашыць шматлікія арганізацыйныя пытанні.
— Мяркую, што звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай вы вырашылі не выпадкова…
— Так. Я з дзяцінства ведаю, што такое нялёгкая вясковая праца, работа на зямлі. Маё дзяцінства прайшло на Лепельшчыне, у вёсцы Стараселле. Бацькі працавалі ў мясцовай гаспадарцы: маці спачатку была даяркай, затым — загадчыцай фермы, а бацька быў механізатарам.
Скончыўшы школу, я вырашыў паступаць у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Паспяхова здаў уступныя экзамены на спецыяльнасць “заатэхнія”. Вучоба мне давалася лёгка. У студэнцкія гады я пераканаўся ў тым, што ад добрасумленнай работы ў сельскай гаспадарцы залежыць дабрабыт дзяржавы. Дзякуючы нястомнай працы работнікаў фермаў, механізатараў на нашых сталах ёсць хлеб, малако і мяса.
Пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі я стварыў сям’ю. Першым месцам маёй працы стала ААТ “Дземянец” Ушацкага раёна, куды я быў прызначаны галоўным заатэхнікам. Працаваць у гэты раён мы прыехалі таму, што гэта радзіма маёй жонкі Валянціны.
З першых дзён працы Сяргей Аляксандравіч праявіў сябе як адказны і ініцыятыўны работнік, які добрасумленна выконвае любую справу. Не выпадкова праз некаторы час яму было прапанавана ўзначаліць ААТ “Агра-Селішча”. І тут ён зарэкамендаваў сябе як здольны кіраўнік. Па шэрагу паказчыкаў гаспадарка была лепшай у раёне.
У маладой сям’і нарадзілася трое дзетак. Хутка шматдзетныя бацькі атрымалі ўласную трохпакаёвую кватэру.
Нягледзячы на тое, што ў кіраўніка гаспадаркі ўсё складвалася паспяхова, яго ўвесь час клікала да сябе малая радзіма. І пагэтаму амаль тры месяцы таму маладая сям’я прыехала працаваць на Лепельшчыну. Сяргей Плігаўка быў прызначаны кіраўніком ААТ “Чарэйшчына”.
— Як звычайна пачынаецца ваш працоўны дзень? — пытаюся ў Сяргея Аляксандравіча.
— Як правіла, пачынаю працу а сёмай гадзіне, а заканчваю — у 18-19 гадзін. З самай раніцы праводжу нараду, даю даручэнні работнікам, сачу за працай у рамонтнай майстэрні, на фермах і г.д. Паколькі гэтай гаспадаркай кірую нядаўна, яшчэ рана казаць пра тыя ці іншыя паказчыкі. На сённяшні дзень ёсць пэўны недахоп кадраў. Аднак я ўпэўнены, што мэтанакіраваная праца абавязкова прынясе плён.
Маладая сям’я жыве ў доме бацькоў Сяргея Аляксандравіча, у вёсцы Стараселле Лепельскага раёна. Жонка маладога кіраўніка Валянціна працуе кантралёрам у філіяле “Лепельводаканал” УП “Віцебскаблводаканал”. Самым жа галоўным і неацэнным скарбам для бацькоў з’яўляюцца дзеці. У сям’і Плігаўкаў расце трое сыноў. Старэйшаму, Мацвею, ужо споўнілася адзінаццаць год, сярэдняму, Ягору, — дзевяць. Хлопчыкі вучацца ў шостым класе Бароўскай сярэдняй школы імя Г.К. Жукава. Самаму ж малодшаму сыночку, Сярожу, усяго тры гады. Імя хлопчыку было дадзена ў гонар таты.
— Канечне, працоўных клопатаў у вас заўсёды шмат. Чаму ж вы прысвячаеце вольную хвілінку? — цікаўлюся ў Сяргея Аляксандравіча.
— З задавальненнем праводжу вольны час са сваёй сям’ёй, займаюся рыбнай лоўляй.
— Мяркую, што вы прадоўжыце свой працоўны шлях на Лепельшчыне…
— Так. Мяне заўсёды прыцягвала да сябе радзіма, і іншага месца для далейшай працы нават не ўяўляю. Лічу, што для паспяховага развіцця сельскай гаспадаркі вельмі важна працаваць над пытаннямі па яе ўмацаванні. Ад зладжанай работы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый залежыць вельмі шмат: забяспечанасць неабходнымі прадуктамі, стабільная праца іншых галін. Вельмі важна, каб у сельскую гаспадарку прыходзіла працаваць больш моладзі.
— Упэўнена, што вашы сыночкі ва ўсім бяруць прыклад з таты…
— Самыя галоўныя якасці, якія мы імкнёмся перадаць сваім дзецям, гэта адказнасць, працавітасць і шчырасць. Якой бы працай ні займаўся чалавек, ён павінен любіць яе ўсім сэрцам.
Тэкст і фота: Святлана ВАЗНЯК