Сярод воінаў-інтэрнацыяналістаў шмат лепяльчан, якія не па сваёй волі апынуліся ў “гарачай” кропцы, вытрымалі складанае выпрабаванне, вярнуліся на сваю малую радзіму і годна працуюць тут.
15 лютага 1989 года завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Канфлікт, які доўжыўся 10 гадоў, забраў жыцці тысяч савецкіх ваеннаслужачых. У гэты дзень па традыцыі мы аддаём даніну глыбокай павагі ўсім нашым землякам, якія сумленна і мужна выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, успамінаем тых, хто не вярнуўся з бою.
Напярэдадні памятнай даты ветэраны наведваюць працоўныя і дзіцячыя калектывы, сустракаюцца з таварышамі па службе. І не толькі таму, каб ушанаваць памяць тых, хто не дажыў да завяршэння сваёй інтэрнацыянальнай місіі, а і расказаць падрастаючаму пакаленню, што такое вайна і чаму мір — гэта найважнейшая каштоўнасць чалавецтва.
Сярод воінаў-інтэрнацыяналістаў шмат лепяльчан, якія не па сваёй волі апынуліся ў “гарачай” кропцы, вытрымалі складанае выпрабаванне, вярнуліся на сваю малую радзіму і годна працуюць тут.
З гэтай кагорты мужных землякоў і Аляксандр Канопка. Мужчына нарадзіўся ў Рызе, але яго дзяцінства прайшло ў вёсцы Весялова Валосавіцкага сельсавета. Маці, Марыя Фёдараўна, доўгі час настаўнічала ў Новавалосавіцкай сярэдняй школе, выкладала рускую мову і літаратуру. Бацька вучыў дзяцей фізіцы і матэматыцы.
Сям’я трымала на падвор’і дзве каровы, свіней, курэй, таму да працы Аляксандр быў прывучаны з дзяцінства . Асабліва ён любіў коней. З гэтай нагоды часта наведваў канюшню, дзе за невялікую дапамогу хлопчыку дазвалялі на любімай жывёліне праехаць верхам.
Пасля заканчэння Новалукомльскага прафтэхвучылішча па спецыяльнасці «электразваршчык», 11 лістапада 1986 года Аляксандр быў прызваны Чашніцкім райваенкаматам ва Узброеныя Сілы СССР.
– Спачатку нам паведамілі, што будзем служыць на Чорным моры, але мы праехалі яго на другія суткі і нават не спыніліся.
На афганскай зямлі
Першыя тры месяцы Аляксандр праходзіў службу ў вучэбным падраздзяленні 81-га пагранічнага атрада в/ч 2099 у г. Тэрмез Афганскай Рэспублікі. Набыўшы там ваенную прафесію кіроўцы, быў адпраўлены ў аўтароту таго ж пагранічнага атрада.
У асноўным служба праходзіла за рулём аўтамабіля. Амаль паўтара года хлопец вазіў начальніка тылу на УАЗ-469, потым дастаўляў лётчыкаў у аэрапорт, на баявыя вылеты на аўтамабілі ЗІЛ-130.
Са студзеня 1987 па люты 1989 года перыядычна выконваў заданні камандавання на тэрыторыі Афганістана. У званні сяржанта вярнуўся дадому.
Наконт сяброўства або, як прынята казаць, баявога братэрства ў мужчын гутарка адмысловая…
– Як сустрэўся з хлопцамі Сяргеем Якутам з Лепеля, Паўлам Васільевым і Яўгенам Шамшуром з Віцебска, так з імі потым і служыў. А ўвогуле з Віцебска ехала група прыкладна з 60 чалавек, практычна з усіх яе ўдзельнікаў потым і стварылі заставу. Хлопцы пасябравалі з першых дзён службы і да канца падтрымлівалі адзін аднаго.
За добрасумленную службу на афганскай зямлі Аляксандр Аляксандравіч узнагароджаны нагруднымі знакамі «Выдатнік пагранвойскаў» І і ІІ ступеняў.
Сямейныя справы
У 1989 годзе Аляксандр ажаніўся з дзяўчынай з вёскі Сітнікі. Праз год у маладой сям’і з’явіўся на свет сын Яўген. Першая сустрэча мужа і жонкі адбылася ў школе… Ганна Рыгораўна працавала ў Валосавіцкай СШ настаўніцай і нават выкладала матэматыку ў Аляксандра. Запрыкмеціў яе малады хлопец адразу, толькі адчуваў, што прыгожая дзяўчына на яго і не пазірае. А вось калі ўжо служыў у войску, пачаў ёй дасылаць лісты.
Маладая сям’я пераехала ў аграгарадок Стаі, і адразу абзавялася немалой гаспадаркай. І хоць з часам збылі жывёлу, на прысядзібным надзеле ў Канопкаў і зараз шмат рознай гародніны, на вырошчванне якой таксама патрэбны час.
Служба ў РАНС
Працаваў Аляксандр Аляксандравіч на розных прадпрыемствах Лепеля, але большасць часу, з 1995 па 2013 год, рупіўся байцом Лепельскага РАНС. Пачынаў службу ў ваенізаванай пажарнай ахове пры МУС, якая ў 1999 годзе была перайменавана ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
На заслужаны адпачынак пайшоў з пасады кіроўцы пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №16, які размешчаны ў аграгарадку Стаі.
Як адзначае мой суразмоўца, выратавальнік — гэта не проста прафесія. Гэта лад жыцця. У сучасным небяспечным свеце лёс чалавека нярэдка аказваецца ў руках ратавальнікаў.
Не змаглі ў размове абмінуць тэму, якая вельмі важная для мужчыны, – подзвігі дзеда Дамініка Канопкі, які жыў недалёка ад Велеўшчыны, на хутары Калавур. Дамінік Вікенцьевіч – вядомая асоба на Лепельшчыне, поўны Георгіеўскі кавалер. Гэтага звання ён быў удастоены за подзвігі, праяўленыя ў гады Першай сусветнай вайны.
Аляксандр Аляксандравіч вельмі ганарыцца сваім дзедам і лічыць яго подзвігі самай каштоўнай спадчынай сям’і:
— Нездарма ж кажуць: чалавек жывы, пакуль жывыя ўспаміны. Мы беражліва захоўваем не толькі ўзнагароды дзядулі, а і шануем памяць аб ім, каб перадаць будучым пакаленням…
Наталля Храпавіцкая