У ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” распачалася ўборка бульбы.
У ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” распачалася ўборка бульбы. Да 9-й гадзіны бульбакапалкай ужо былі разагнаны грады, у гэты час і прыехала на поле група навучэнцаў з Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Юнакі разбіліся на звенні і пачалі збіраць клубні.
Справа ў навучэнцаў спорылася, яны хутка пераносілі напоўненыя вёдры. Было бачна, што ім такая праца вельмі даспадобы. Юнак, які на прычэпе прымаў напоўненыя вёдры і высыпаў іх, ледзь паспяваў. Хаця многія хлопцы і самі рослыя, без цяжкасцяў высыпалі бульбу, не чакаючы дапамогі, і зноў спяшаліся па клубні.
Групай кіруе выкладчык Наталля Ісаковіч. Яна таксама ледзь паспявае запісваць засыпаныя вёдры.
— Якая група сёння працуе? — пытаюся ў выкладчыцы.
— Група 12 ТА, яны вывучаюць тэхнічнае абслугоўванне, другакурснікі. Сёння прыехалі 19 чалавек.
— Бачу, настрой у хлопцаў бадзёры…
— Так, энтузіязму шмат. Сёння мы працуем другі дзень. Учора, напрыклад, лепшым быў Павел Федаровіч, які набраў 110 вёдраў. Не нашмат ад яго адсталі Васіль Балотнік і Станіслаў Падлобны.
Вельмі цікава, што ў групе тэхнічнага абслугоўвання вучыцца адна дзяўчына — Аляксандра Маскалейчык. Натуральна, хлопцы ва ўсім дапамагаюць ёй.
У час прыезду карэспандэнта дзень быў пахмурны, дзьмуў пранізлівы вецер. Здавалася, што неба з апошніх сіла трывала, каб не расплакацца дажджом. У такіх умовах вельмі важна цёпла апранацца. Група 12 ТА працуе ў 1-й палове дня, пасля абеду на поле павінна прыехаць другая. Напярэдадні навучэнцы адкапалі два поўныя прычэпы бульбы, і ў дзень прыезду плануецца не зніжаць набранага ўдарнага тэмпу.
Усяго ў сартастанцыі пад бульбу адведзены 10 гектараў. Палову плошчаў плануецца выкапаць з дапамогай навучэнцаў, другую палову — з дапамогай бульбаўборачнага камбайна.
— Наш камбайн настолькі выйшаў са строю, рамонт яго настолькі дарагі, што на сённяшні дзень не можам давесці яго да ладу, — кажа дырэктар сортавыпрабавальнай станцыі Андрэй Краўцоў. — Аднак у нас ёсць дамова з ААТ “Чарэйшчына” наконт таго, што яны дадуць нам свой бульбаўборачны камбайн у часовае карыстанне. Такім чынам спадзяёмся ўзараць другі хлеб хутка і з мінімальнымі стратамі.
У гаспадарцы вырошчваецца бульба сартоў лель, лад і маніфест, прычым першыя два — высокіх рэпрадукцый. У бліжэйшы час таварную бульбу можна будзе і набыць.
Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА
На здымках: актыўна ідзе падбор бульбы; Саша Маскалёнак — адзіная дзяўчына ў групе 12 ТА