Сёння аповед пойдзе пра маладога супрацоўніка лепельскай раённай газеты, якая ў 1930-я гады выдавалася пад назвай “Калгасная праўда”. На здымку, які датаваны 1939-м годам, былы загадчык аддзела інфармацыі Пётр Пачкаеў і загадчык тыпаграфіі Сяргей Бараноўскі. Верагодней за ўсё, фотаздымак быў зроблены падчас візіту ў рэдакцыю раёнкі Пятра Пачкаева, які з 1938 года ўжо служыў у Чырвонай арміі. На былым газетчыку – вайсковая форма са знакамі адрознення сяржанта авіяцыі.
Па старых падшыўках “Калгаснай праўды” атрымалася прасачыць, што падпісаныя прозвішчам Пачкаеў фотаздымкі і асобныя матэрыялы ў раёнцы з’яўляюцца на яе старонках з другой паловы 1930-х гадоў. Таксама ў сямейных архівах даводзілася бачыць некалькі фотаздымкаў пазначанага перыяду, таксама падпісаных прозвішчам Пачкаеў.
Па звестках, атрыманых ад сваякоў Пятра Пачкаева, вядома, што ён нарадзіўся ў вёсцы Вялікае Копна Полацкага раёна і пасля вучобы ў тэхнікуме быў накіраваны на працу ў газету “Калгасная праўда”. У 1938-м годзе быў прызваны ў Чырвоную армію і прызначаны на пасаду, звязаную з абслугоўваннем фотаапаратуры, якая выкарыстоўвалася на ваенных самалётах. У 1939 – 1940 гадах Пётр Пачкаеў удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце – з першага да апошняга дня. Службу праходзіў на пасадзе тэхніка ў часцях авіяцыі далёкага дзеяння. Неаднаразова даводзілася вылятаць старшыне Пачкаеву на разведку па фатаграфаванні варожых аб’ектаў. У абавязкі таксама ўваходзіла абслугоўванне авіяцыйнага фотаабсталявання і навучанне спецыфічнай працы навабранцаў.
Пасля вайны Пётр Пачкаеў працягнуў службу ў войску. У 1953 годзе ў званні маёра звольніўся ў запас, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі, па якіх можна прасачыць геаграфію яго вылетаў ад Каўказа да Берліна. Вярнуўся на сталае месца пражывання ў Лепель, дзе і памёр у 1960-х гадах.
Валерый Тухта
