За сучасным фасадам будынка рэдакцыі хаваецца яго сапраўдны ўзрост. Гэта адна з самых старых пабудоў Лепеля, якой больш за 100 гадоў. Гэты дом не адносіцца да помнікаў архітэктуры, знешне ён нічым не адметны, але вельмі каштоўны з пункту погляду гісторыі.
Гісторыя будынка ўстановы «Рэдакцыя раённай газеты «Лепельскі край» пачынаецца ў далёкім мінулым і звязана з сям’ёй Філяндмуж.
Мешчанін Эдуард Філяндмуж нарадзіўся ў 1866 годзе ў Прыбалтыцы. Яму было ўжо далёка за сорак, калі вырашыў пераехаць у Лепель. Эдуард Паўлавіч быў удаўцом, ад першага шлюбу меў сына Людвіга, які нарадзіўся 22 жніўня 1898 года.
Людвіг вучыўся ў Лепельскім прыходскім вучылішчы, якое закончыў у адзінаццаць гадоў, атрымаўшы пасведчанне 22 мая 1910 года.
У Лепелі Эдуард Філяндмуж пазнаёміўся з маладой дзяўчынай мясцовага паходжання Антанінай Баброўскай, з якой затым і ажаніўся. У іх нарадзіліся дочкі Ядзвіга і Юзэфа, а таксама сын Віктар.
У 1913 годзе пасля смерці мешчаніна Стэфана Будовіча на продаж быў выстаўлены ўчастак зямлі, які размяшчаўся на скрыжаванні вуліц Прудовая і Пушкінская (зараз Валадарскага і Ленінская). Уласных грошай Эдуарду на выкуп зямлі і будаўніцтва дома, напэўна, не хапала, таму пакупку ён зрабіў разам з лепельскім яўрэем, мешчанінам Моўшам Кабалкіным. Эдуард і Моўша дамовіліся пра раздзел купленага ўчастка. Кожны на сваёй частцы сабраўся будаваць уласную краму — лаўку. На мяжы пабудавалі каменную сцяну.
Эдуард Філяндмуж пабудаваў краму на скрыжаванні вуліц, вокны яе выходзілі на вуліцы Прудовую і Пушкінскую. Кабалкін жа будаваў сваю лаўку параднымі вокнамі толькі на вуліцу Пушкінскую. Нават сёння, калі глядзець на будынак рэдакцыі з супрацьлеглага боку вуліцы Ленінскай, адразу кідаецца ў вочы адрозненне двух паловаў дома.
Спачатку планавалася будаваць толькі першы паверх. Гэта зафіксавана ў плане за подпісам майстра р. Бярэзіны (Бярэзінскай воднай сістэмы) Лепельскага аддзялення Віленскай акругі шляхоў зносін В. Закрэўскага 12 снежня 1913 года. Але ў хуткім часе гэты план перарабляецца. У новым праекце, зацверджаным гарадскім старастам 22 красавіка 1915 года, мы бачым чарцёж двухпавярховага будынка. У гэты час ішла Першая сусветная вайна, а гараджане, тым не менш, будаваліся.
Моўша Кабалкін у сваёй частцы адкрыў галантарэйную лаўку, дзе прадаваў скураныя вырабы, парфуму, пальчаткі, музычныя інструменты. Філяндмуж усваю чаргу адкрыў пякарню і прадуктовую лаўку. Тут, акрамя ўласнай выпечкі, прадаваліся яшчэ мяса і сала.
Адразу пасля набыцця ўчастка ў 1913 годзе, яшчэ да падрыхтоўкі праекта будынка, Кабалкін і Філяндмуж склалі пагадненне пратым, што кожны сам на сваёй частцы ўзводзіць мураваныя пабудовы. Пры гэтым дамовіліся, што Кабалкін не займаецца продажам прадуктовых тавараў, а Філяндмуж не можа аддаць будынак у арэнду для галантарэйнага, абутковага і музычнага гандлю. Такім чынам прадпрымальнікі засцераглі сябе ад канкурэнцыі. Пагадненне было складзена па юрыдычных правілах таго часу і зацверджана лепельскім гарадскім натарыусам Сігізмундам Каласоўскім…
…Спакойнае жыццё сям’і Філяндмуж ва ўласным доме было нядоўгім. Рэвалюцыя, грамадзянская вайна. Сталінскія рэпрэсіі не абышлі і лепяльчан. Эдуард Паўлавіч загінуў у лагеры яшчэ ў пачатку трыццатых гадоў. Антаніну Стэфанаўну з дзецьмі выслалі ў горад Котлас Архангельскай вобласці. Ім пашанцавала: маці дабілася вяртання на радзіму. Пабудавалі дом па сучаснай вуліцы Пушкінскай і жылі там. Ядзвіга Баброўская (сям’я пасля вяртання ўзяла дзявочае прозвішча маці) выйшла замуж за Станіслава Прокша. У іх нарадзіўся сын Анатоль. У канцы трыццатых гадоў Станіслаў трапіў пад рэпрэсіі, Анатоля вырасціў айчым.
Па словах старажылаў, нейкі час у гэтым будынку жыла сям’я Калуцкіх, але таксама нядоўга…