Галоўнае свята праваслаўнага царкоўнага календара — Светлае Хрыстова Ўваскрэсенне, або Вялікдзень, Пасха. Яно было ўстаноўлена ў гонар уваскрэсення Ісуса Хрыста, якое лічыцца цэнтральнай падзеяй Бібліі.
Вялікдзень, або Вялічка, — першы дзень свята. Аднак Пасха ў праваслаўнай традыцыі доўжыцца значна даўжэй — сорак дзён, аж да Ушэсця. Увесь гэты час прынята вітаць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!», а ў адказ казаць: «Сапраўды ўваскрос!»
Аднак кожны год дата святкавання розная. У заходняй і ўсходняй традыцыях яна часцей не супадае з-за таго, што каталіцкая царква жыве па грыгарыянскім календары, а праваслаўная па юліянскім, які на дадзены момант адстае ад грыгарыянскага на 13 дзён. Аднак у 2025 годзе праваслаўная і каталіцкія Пасхі супалі. Такія супадзенні здараюцца прыкладна ў 3-8 гадоў. Апошні раз такое было ў 2017 годзе, наступнае адбудзецца ў 2028 годзе.
Святу светлага Хрыстова Ўваскрэсення папярэднічаюць 48 дзён посту – самага строгага і самага доўгага ў годзе. Завяршальны і самы важны яго адрэзак – апошнія сем дзён, кожны з якіх называецца вялікім. Па сутнасці, гэта ўжо асобны перыяд, прысвечаны апошнім дням зямнога жыцця Хрыста. Веруючыя праз богаслужэбнае жыццё царквы ў гэтыя дні становяцца саўдзельнікамі вялікіх падзей двухтысячыгадовай даўніны.
І вось у Вялікую суботу, калі веруючыя прыходзяць у храмы, каб пакланіцца Хрысту, які ляжыць у гробе, у паветры ўжо як быццам адчуваецца водгук слоў, якія разнясуцца па ўсім свеце ў гэту ноч. У храмах асвячаюць пасхальныя пачастункі – фарбаваныя яйкі, кулічы і тварожныя пасхі. Гэтыя кулінарныя сімвалы свята ствараюць асаблівы настрой. У Лепельскім храме Раства Хрыстова асвячэнне Пасхальных страў будзе праводзіцца ў Вялікую суботу ў 11 гадзін і з 17.00 да 20.30, а таксама ў 3 гадзіны ночы, калі мы ўжо сустрэнем Вялікдзень.
У сярэдзіне дня ў суботу значныя падзеі, за якімі назіраюць веруючыя са ўсяго свету, адбываюцца ў Іерусаліме. Менавіта напярэдадні праваслаўнай Пасхі ў Храме Гроба Гасподня здараецца сапраўдны цуд – зыходжанне Благадатнага агню, які потым дастаўляецца ў храмы па ўсім свеце.
А ноччу ў праваслаўных цэрквах будзе адбывацца святочная служба, бліжэй да поўначы пачнецца хросны ход, пасля чаго прагучыць нарэшце доўгачаканая вестка: “Хрыстос уваскрос!”, напоўненая асаблівым светам і радасцю.
У народным календары беларусаў Вялікдзень праводзіў мяжу паміж старым і новым годам. Нашы продкі ў ноч Вялікай суботы не тушылі ў хатах агонь, не замыкалі адрыны. З вечара ішлі ў царкву на ўсяночную службу, адкуль потым спяшаліся дадому. Лічылася, хто першым вернецца, той будзе першым і ў час працы ў полі.
Вярнуўшыся дахаты, у кожнай сям’і пачыналі разгаўляцца. Гаспадыня наразала на некалькі кавалачкаў свянцонае яйка і падавала кожнаму з прысутных. Толькі пасля гэтага пачыналі есці мясныя стравы.
У вёсках быў распаўсюджаны рытуал валачобніцтва. Дарэчы, гэта фальклорная адметнасць уласціва толькі беларусам. Вяскоўцы, сабраўшыся гуртам па 10—20 чалавек, абыходзілі ўсе двары з віншавальнымі песнямі і музыкай. Лічылася, што гэта прынясе здароўе гаспадарам, пладавітасць жывёле, ураджайнасць на палях. Валачобнікаў частавалі булкамі, яйкамі і каўбасамі.
На Вялікдзень на досвітку абавязкова хадзілі глядзець, як «грае сонца», мыліся вадой, у якую клалі чырвонае яйка, срэбныя і залатыя рэчы, каб быць прыгожымі ўвесь год.
Надвор’е ў светлае свята таксама мела вялікае значэнне. Менавіта па ім нашы продкі меркавалі, наколькі добрым у гаспадарчым сэнсе будзе год: яснае надвор’е перад Вялікаднем – наперадзе сонечнае лета, зорная ноч – да рэзкага пахаладання. Калі ў святочны дзень разгулялася навальніца – восень будзе сухой і позняй, а калі на двары пахмурна – лета будзе такім жа, а вось халоднае надвор’е сведчыла пра сухое лета. Цікавае павер’е звязвалі і з памерлымі. Продкі лічылі, што ў гэты дзень неба прыадчыняе сваю заслону, а душы пайшоўшых родных ненадоўга вяртаюцца да жывых, каб святкаваць разам з імі.
Падрыхтавала Нона СЕЗДЗІНА