Сёлета ў лістападзе будзе адзначацца 95 год з дня выхаду ў свет першага нумара раённай газеты, разавы тыраж якой, дарэчы, у 60-я, 70-я гады дваццатага стагоддзя набліжаўся да 10 тысяч экземпляраў. Раённая газета тады была жаданым госцем амаль у кожнай сям’і жахароў горада і раёна, яе таксама з задавальненнем выпісвалі і чыталі на прадпрыемствах і ва ўстановах нашага роднага краю.
Хаця я нарадзіўся і вырас на Лепельшчыне, упершыню стаў супрацоўнічаць з раённай газетай, якая тады называлася “Ленінскі сцяг”, толькі ў 1978 годзе, калі пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта стаў працаваць інструктарам райвыканкама. Намеснікам галоўнага рэдактара ў той час быў Давід Зарэцкі. Менавіта яму я прынёс свае першыя “спробы пяра”, у якіх распавёў аб важнасці выканання дэпутатамі наказаў выбаршчыкаў. Ён сустрэў мяне вельмі ветліва, узяў працягнутыя мною аркушы, якія былі скрозь спісаныя добрым, амаль каліграфічным почыркам, уважліва іх прачытаў і сказаў, што падрыхтаваны мною матэрыял будзе надрукаваны. Што ў хуткім часе і было зроблена.
Праз некалькі дзён пасля гэтага я ў калідоры райвыканкама выпадкова сутыкнуўся з галоўным рэдактарам раённай газеты Іванам Алексіным, які па службовых справах наведаў орган дзяржаўнай улады. Ён станоўча адазваўся аб падрыхтаванай мною заметцы, толькі папрасіў надалей у допісах больш прыводзіць канкрэтных фактаў з мясцовага жыцця. Што я з задавальненнем і стаў рабіць у далейшым. Так пачаўся перыяд майго пастаяннага творчага супрацоўніцтва з перыядычным выданнем. Я фактычна ператварыўся ў “свайго чалавека” ў рэдакцыі. Помятаю, што калі мяне неяк аднойчы зусім нечакана накіравалі на месячныя курсы павышэння кваліфікацыі ў Мінск, нават і там я падрыхтаваў і звычайным пісьмом выслаў у Лепель нейкі актуальны артыкул па дзяржаўным будаўніцтве, які яшчэ да майго вяртання з вучобы быў надрукаваны ў раённай газеце.
З цягам часу пашыралася жанравая разнастайнасць рыхтаваных мною публікацый. Прытым гэта адбывалася не выпадкова. Журналісты раённай газеты тады цярпліва і мэтанакіравана працавалі з пазаштатнымі аўтарамі, або, як іх тады называлі, “рабселькорамі”. Напрыклад, Аляксей Вашкевіч не назольна, але вельмі канкрэтна і тактычна падказваў тэмы, вучыў бачыць галоўнае, не “зацыклівацца” на дробязях. Васіль Хаванскі акцэнтаваў увагу на важнасці мастацкіх вартасцей таго, што пішаш, трапнасці выразаў і параўнанняў, вобразнасці, сакавітасці, насычанасці мовы. Паступова я набываў вопыт, адточваў “пяро” і нават асмеліўся прапанаваць да друку ў перыядычным выданні свае вершы, спрабаваў пісаць гумарэскі.
Так сталася, што ўвосень 1981 года ў раённай газеце стала вакантнай пасада загадчыка аддзела пісьмаў, і галоўны рэдактар Іван Алексін прапанаваў мне заняцца сталай журналісцкай дзейнасцю. Аднак адначасова сакратар райкама КПБ Уладзімір Ганчар паклікаў мяне пайсці працаваць кансультантам у аддзел прапаганды і агітацыі райкама партыі.
Я вельмі хацеў трапіць на журналісцкую працу, але ў якасці “дадатка” да пасады ў райкаме КПБ яшчэ выдзялялася мне і кватэра ў двухкватэрным доме, які ўжо знаходзіўся на балансе прафтэхвучылішча, з перадачай, у выпадку маёй згоды, на баланс школы-інтэрната і адпаведным афармленнем гэтай кватэры на маю жонку, дзе ў той час яна працавала выхавацелем. І гэта стала тым вырашальным аргументам, чаму я ўсё ж аказаўся на партыйнай рабоце. Тым больш, што ўсяго крыху больш за год да гэтага я ажаніўся і ў маёй сям’і ўжо з’явіўся першы сын Саша, і, такім чынам, “рубам” паўстала пытанне аб тэрміновым вырашэнні жыллёвай праблемы.
Аднак я вельмі ўдзячны свайму лёсу, што, нягледзячы на ўсе няпростыя жыццёвыя і службовыя перыпетыі, у верасні 1986 года ўсё ж трапіў на працу ў рэдакцыю газеты ў якасці карэспандэнта-арганізатара раённага радыё, які, акрамя ўсяго іншага, рэгулярна рыхтаваў і друкаваў свае артыкулы і ў раённай газеце. Праз пэўны час я быў прызначаны загадчыкам аддзела радыёінфармацыі. Працаваў на гэтай пасадзе амаль да красавіка 1992 года, калі па рашэнні Лепельскага гарвыканкама на базе аддзела радыёінфармацыі газеты была створана асобная рэдакцыя мясцовага радыёвяшчання як самастойная дзяржаўная арганізацыя, юрыдычная асоба, і я стаў яе загадчыкам.
Набытыя ўменні і практычны вопыт працы ў якасці журналіста-газетчыка мне вельмі спатрэбіліся тады, калі ў чэрвені 1997 года я быў назначаны галоўным рэдактарам рэдакцыі мясцовага эфірнага тэлерадыёвяшчання і сумесна з калектывам гэтай дзяржаўнай установы ў 2003-2006 гадах нават выдаваў і рэгіянальную газету-штотыднёвік “Программа телевидения и не только…”, што распаўсюджвалася не толькі па тэрыторыі Лепельскага, а і Чашніцкага, Ушацкага, Докшыцкага і Бешанковіцкага раёнаў.
З вялікай радасцю я скарыстаўся магчымасцю зноў стаць журналістам рэдакцыі раённай газеты “Лепельскі край” у кастрычніку 2008 года і потым з невялікім перапынкам працаваў карэспандэнтам газеты аж да кастрычніка 2017 года, а, гэта значыць, больш двух гадоў рупіўся тут ужо пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.
Трэба адзначыць, што журналісцкая дзейнасць вельмі цяжкая, напружаная, аднак яна вельмі запатрабаваная людзьмі, таму прыносіць задавальненне.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: на адной з штотыднёвых планёрак у той час, калі галоўным рэдактарам газеты “Лепельскі край” працаваў Уладзімір Шаўчэнка.