Квітнее Беларусь, у прыватнасці і наш невялікі горад Лепель. Прыемна бачыць, як харашэюць адрамантаваныя дамы, як завіхаюцца каля іх людзі, як шмат улетку кветак навокал. У нашым раёне шмат робіцца для людзей: прыемна пабываць у гарадскім парку, рамантуюцца дарогі, прыгажэюць родныя мясціны, і гэта не можа не радаваць!
Я зараз жыву ў невялікай вёсачцы Чарнаручча ў бацькоўскім доме. Раней на працу з нашага населенага пункта можна было дабрацца аўтобусам, а зараз яны ходзяць то ў 9, то ў 10 гадзін раніцы. Для каго зручны такі расклад? Акрамя гэтага, людзям, асабліва ў сталым узросце, перыядычна трэба наведваць і раённую бальніцу, напрыклад, здаць аналізы. А іх, як мы ведаем, трэба здаваць раніцай. У такім разе даводзіцца вызываць таксі, якое каштуе не танна, ды і вызваць у ранішні час праблематычна.
Нельга казаць, што зусім сітуацыя для жыхароў вёскі складаная. Дзяцей, напрыклад, у дзіцячы сад возіць аўтобус – і гэта вельмі добра, бо ў нашым дзяцінстве мы дабіраліся самі! Аднак хацелася б, каб і бацькам на працу было зручна дабірацца, каб і ў вёсках людзям жыць было камфортна.
Наша вёска перспектыўная: недалёка ад горада, у дамах можна правесці электрычнае ацяпленне. Так, маладыя сям’і не так даўно пабудавала дом, плануюць і іншыя будавацца.
Наш населены пункт – вельмі прыгожы і багаты на лясныя дары. Тут шмат грыбоў і ягад, за якімі прыязджаюць з усяго раёна жыхары. Недалёка працякае рака Эса, а крыху далей ёсць і возера. Каля вёскі праходзіць траса Мінск – Віцебск, побач – “Гасціны двор” і “Маяк”.
Хочацца, каб нашыя невялікія вёсачкі квітнелі, каб у іх чуліся дзіцячыя галасы, жылі не толькі пенсіянеры, а і моладзь, каб не зарасталі бур’янам і хмызняком. А для гэтага трэба зрабіць добрыя ўмовы для жыцця.
Людміла Воюш з Чарнаручча.